Беларусь 19 сакавіка далучыцца да маштабнай міжнароднай экалагічнай акцыі «Гадзіна Зямлі», паведамілі ў прэс-службе таварыства экалагічных арганізацый «Зялёная сетка».

Сутнасць акцыі ў тым, каб 19 сакавіка на адну гадзіну з 20.30 да 21.30 адключыць святло і непатрэбныя электрапрыборы дома або ў офісе і пастарацца зрабіць беражлівае стаўленне да прыродных рэсурсаў пастаяннай прывычкай.

У гэтым годзе «Гадзіна Зямлі» пройдзе ў Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Браславе, Чавусах, дзе на адну гадзіну пагасне падсветка адміністрацыйных будынкаў, гандлёвых цэнтраў, кафейняў, а таксама пройдуць канцэрты, лекцыі, велапрабег, выступяць тэатры ценяў.

У Мінску на адну гадзіну пагасне падсветка праспектаў Незалежнасці і Пераможцаў, агні Нацыянальнай бібліятэкі, падсветка на будынках гандлёвых цэнтраў, універсітэтаў і кафэ Мінска.

«У 2016 годзе свет уступае ў новую эру кліматычнага дзеяння, і ў гэтым жа годзе «Гадзіна Зямлі» адзначыць свой дзясяты юбілей. У Беларусі акцыя праходзіць пакуль толькі восьмы раз, але з кожным годам становіцца ўсё больш маштабнай. У гэтым годзе да «Гадзіны Зямлі» далучаюцца новыя рэгіянальныя гарады», — адзначылі ў «Зялёнай сетцы».

Мэта акцыі — прыцягнуць увагу да праблемы змянення клімату і паказаць, як важны ўклад кожнага ў справе захавання рэсурсаў планеты. Ініцыятар «Гадзіны Зямлі» ў Беларусі - таварыства экалагічных арганізацый «Зялёная сетка» пры падтрымцы дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У 2015 годзе ў Беларусі за час акцыі было сэканомлена 100 тыс. кВт/гадз, што адпавядае ўзроўню электраспажывання Мінскага трактарнага завода ў гадзіны максімуму беларускай энергасістэмы.

Міжнародная акцыя «Гадзіна Зямлі» праходзіць па ўсім свеце больш як у 7 тыс. гарадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?