У закон «Аб ахове правоў спажыўцоў» ад 9 студзеня 2002 года будуць унесеныя дапаўненні і змяненні, паведаміла начальнік упраўлення аховы правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю Ірына Барышнікава 10 сакавіка на сустрэчы з журналістамі ў прэс-цэнтры інфармагенцтва БелТА.

Паводле яе слоў, змены абумоўленыя «практыкай, што ўсталявалася сёння, і рэаліямі ўзаемаадносін паміж суб'ектамі гаспадарання і спажыўцамі». «Неабходна прывесці ў адпаведнасць некаторыя азначэнні закона з нормамі міжнародных дагавораў і тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза. Гэтую працу мы будзем праводзіць абдумана, каб ні ў якім разе не пагоршыць правы нашых спажыўцоў», — адзначыла Барышнікава.

Яна паведаміла, што будуць удакладненыя кампетэнцыі дзяржаўных органаў у сферы абароны правоў спажыўцоў. «Таксама абмяркоўваецца пытанне аб увядзенні так званага перыяду ахаладжэння пры набыцці тавараў праз інтэрнэт або па пошце і па тэлефоне. Мяркуецца, што на працягу сямі дзён можна будзе вярнуць любы якасны тавар, набыты такім спосабам, незалежна ад таго, ці знаходзіцца ён у пераліку тавараў, якія не падлягаюць абмену. Гэта пераважна будзе тычыцца складанатэхнічных тавараў», — адзначыла начальнік упраўлення.

Паводле яе слоў, Мінгандлю прапануе ўнесці ў закон норму, згодна з якой нельга будзе змяняць цану на тавар, набыты паводле ўзораў, з моманту замовы. Плануецца таксама забараніць ўжываць розныя цэны на тавары ў залежнасці ад формы іх аплаты (наяўным або безнаяўным спосабамі). «Мы цяпер у краме нярэдка сутыкаемся з такой сітуацыяй. Таму хочам у законе больш выразна прапісаць гэтыя патрабаванні», — сказала Барышнікава.

Яна нагадала, што кожны год 15 сакавіка ў Беларусі адзначаюць Дзень спажыўца. Сёлета ён праходзіць пад дэвізам «Здаровае харчаванне — выбар сучаснага спажыўца». «Акцэнтам мерапрыемстваў і ў інфармацыйных матэрыялах стане недапушчальнасць наяўнасці антыбіётыкаў у прадуктах харчавання», — адзначыла чыноўнік. Паводле яе слоў, за перыяд з леташняга Дня спажыўца быў рэалізаваны план мерапрыемстваў — праведзеная інфармацыйна-асветніцкая праца, размешчаная рэклама пра здаровы спосаб жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?