Пасяджэнне парламенцкага кантрольнага органа Бундэстага было цалкам сакрэтным. У сярэдзіне лютага намеснік кіраўніка знешняй разведкі Гіда Мюлер і прэзідэнт Федэральнай службы абароны канстытуцыі Ханс-Георг Маас праінфармавалі членаў органа аб спробах Расіі ўмяшацца ў нямецкую палітыку з дапамогай прапаганды.

Reuters

Reuters

Пра гэта піша Беньямін Пруфер у артыкуле «Нямецкая выведка папярэджвае: З дапамогай гэтага плана Пуцін хоча раскалоць Германію», апублікаваным на сайце выдання The Huffington Post.

Спецслужбы прыйшлі да змрочнай высновы. Мэта Уладзіміра Пуціна — «дэстабілізацыя Германіі». Пра гэта паведамляе газета Bild.

«Высокі мабілізацыйны патэнцыял» сярод расійскіх немцаў

Загад аб правядзенні дадзенага расследавання аддаў федэральны ўрад. Паводле абодвух начальнікаў нямецкай выведкі, трывогу выклікае асабліва «высокі мабілізацыйны патэнцыял» сярод больш чым двух мільёнаў расійскіх немцаў у Германіі.

У якасці «асноўнага прыкладу» кіраўнікі ведамстваў назвалі выпадак з нібыта згвалтаваннем дзяўчыны Лізы Ф. з Берлін-Марцано.

Дзяўчына сцвярджала, што была згвалтаваная мігрантамі. Пазней паліцыя заявіла, што яна гэта прыдумала. Міністр замежных спраў Расіі скарыстаўся гэтым выпадкам, каб абвінаваціць нямецкія СМІ і палітыкаў у тым, што яны хаваюць праблемы з мігрантамі.

Аб'яднанні расійскіх немцаў пад наглядам выведкі

Гэта, у сваю чаргу, прывяло да таго, што 700 чалавек, у асноўным рускага паходжання, у Берліне выйшлі на дэманстрацыю, пратэстуючы супраць злачынстваў замежнікаў. За дэманстрацыяй назіралі шматлікія расейскія СМІ.

Масква лёгка можа прыцягнуць расійскіх немцаў да ўдзелу ў дэманстрацыях. Доказам гэтага служаць агульнанацыянальныя дэманстрацыі, у тым ліку перад канцылярыяй.

Нямецкія органы бяспекі ў цяперашні час сочаць за некалькімі аб'яднаннямі і арганізацыямі, якія былі заснаваныя расійскімі немцамі. Паводле інфармацыі газеты Bild, у поле зроку спецслужбаў патрапілі таксама асобныя прадстаўнікі зямляцтва немцаў з Расіі.

«Расія хоча зменаў на чале ўрада»

Кіраўнікі разведкі заяўляюць, што ўрад Расіі наўмысна выкарыстоўвае СМІ краіны, каб дыскрэдытаваць Германію і федэральны ўрад.

У якасці прыкладу яны назвалі інтэрв'ю з расійскімі немцамі, якія нібыта вярнуліся ў Расію, бо праз бежанцаў Германія больш не бяспечная.

У гэтыя выхадныя кіраўнік цэнтра камунікацыі НАТА ў Латвіі Яніс Сартс папярэдзіў пра ўмяшанне Расіі ў нямецкую палітыку. Ён сказаў брытанскай газеце Observer:

«Расія будуе сетку, якую можа кантраляваць. Яна можа скарыстацца ёю, як у Германіі, дзе яна з дапамогай праблемы з бежанцамі самым сур'ёзным чынам падарвала палітычныя працэсы. Ангела Меркель рашуча падтрымлівае санкцыі супраць Расіі».

Праз існуючую праблему Расія спрабуе стварыць дынаміку, якая прывядзе да палітычных зменаў у Германіі. «Расія правярае, ці зможа яна ажыццявіць змены на чале ўрада ў такой буйной і стабільнай краіне», — сказаў Сартс.

Іншымі словамі, Расія хоча зрынуць Ангелу Меркель, гаворыцца ў артыкуле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0