У Крымінальны кодэкс Беларусі плануецца ўвесці новыя палажэнні, якія прадугледжваюць адказнасць за ўдзел ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўку або падрыхтоўку асоб да такога ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

Адпаведныя папраўкі прадугледжаныя законапраектам «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», які ўнесены ў Палату прадстаўнікоў 4 сакавіка. Тэкст дакумента размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У адпаведнасці з законапраектам, удзел грамадзяніна Беларусі ці асобы без грамадзянства, якая пастаянна пражывае ў рэспубліцы, на тэрыторыi замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а таксама ўдзел ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы і пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 133 КК «Найміцтва», караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

Вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка альбо выкарыстанне беларускіх грамадзян або асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, для ўдзелу ва ўзброеным фарміраванні, узброеных канфліктах і ваенных дзеяннях на тэрыторыi замежнай дзяржавы, а таксама фiнансаванне цi iншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 132 КК «Вярбоўка, навучанне, фінансаванне і выкарыстанне наймітаў», караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў.

Паводле звестак МУС Беларусі, цяпер у зоне ўзброенага канфлікту знаходзяцца або бяруць удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны прыкладна 140 беларускіх грамадзян.

Акрамя таго, Крымінальны кодэкс плануецца дапоўніць артыкуламі «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» і «Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання».

За стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у яго, прадугледжана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна або службовай асобай з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў, плануецца караць абмежаваньнем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці да дзесяці гадоў.

Даванне або збор грашовых сродкаў, каштоўных папер або iншай маёмасцi (у тым ліку маёмасных правоў і выключных правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці) любым спосабам для свядомага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання караецца арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў.

У той жа час прадугледжанае вызваленне ад крымінальнай адказнасці па двух названых артыкулах, калі грамадзянін спрыяў выяўленню, прадухіленню або спыненню дзеянняў, аднесеных да экстрэмісцкай дзейнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?