Суд Гомельскага раёна вынес чарговы прысуд у дачыненні да жанчыны 1978 года нараджэння, што гандлявала «натуральным мёдам», які яна вырабляла без удзелу пчол з цукру, вады і цытрынавай кіслаты.

Прадукт махлярка прадавала ў асноўным пенсіянерам, якія жывуць у прыватным сектары, вёсках і на дачах. Зверху ў банкі жанчына сапраўды клала натуральны мёд, а асноўны склад заставаўся нязменным — цукровы сіроп.

Як паведаміў памочнік пракурора Гомельскага раёна Раман Камянкоў, жанчына пры продажы «мёду» пенсіянерам не грэбавала і прыхапіць тое, што «дрэнна ляжыць» — напрыклад, грошы. Па сукупнасці жанчына здзейсніла дзевяць эпізодаў махлярства і пяць спадарожных крадзяжоў. Паводле прысуду ёй прызначана пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Раней абвінавачаная ўжо 11 раз паўставала перад судом за махлярства і крадзяжы. Апошнія яе тэрміны былі за «мёд». На судзе яна патлумачыла, што не ўмее рабіць нічога іншага, акрамя як «варыць мёд» і прадаваць даверлівым пенсіянерам.

На свабодзе пасля выхаду з турмы жанчына доўга не затрымлівалася. Да прыкладу, вызваліўшыся ў жніўні 2014 года, ужо восенню таго года яна пачала здзяйсняць махінацыі з мёдам. 9 студзеня 2015 года гамяльчанка зноў была асуджаная, і зноў за продаж цукровага сіропу. У сакавіку 2016 году — новы прысуд за «мёд».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?