Пакуль не прынятае канкрэтнае рашэнне наконт зніжэння штрафаў для індывідуальных прадпрымальнікаў за гандаль без сертыфікатаў, заявам чыноўнікаў прадпрымальнікі не павераць.

Так кіраўнік Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка каментуе Еўрарадыё заяву дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Пятра Арушаньянца. У пятніцу ён паведаміў пра намер зменшыць памеры штрафаў за гэтае парушэнне ў 100 разоў.

«Ніякіх канкрэтных рашэнняў на сёння і нават перадумоў для таго, каб гэта здарылася, мы не бачым. А да гэтых заяваў я заклікаю сур’ёзна не ставіцца, бо іх ўжо было зроблена шмат. Увогуле, гэтыя заявы гучаць здзекліва на фоне таго, што было абяцана на пасяджэнні працоўнай групы», — кажа Шумчанка. 

На сённяшні дзень у Беларусі за парушэнне ўказу кіраўніка дзяржавы № 222 прадпрымальнікі абавязаныя заплаціць ад 200 да 500 базавых велічынь (ад 42 млн да 105 млн рублёў). Па словах Шумчанкі, падчас пасяджэння адпаведнай працоўнай групы прадпрымальнікам абяцалі да 9 сакавіка падрыхтаваць і накіраваць у Саўмін праект пастановы па амністыі для парушальнікаў указу №222, але гэтага так і не было зроблена.

Па словах Шумчанкі, нават калі штрафы і сапраўды будуць зніжаныя, гэта не вырашыць праблему, з якой сёння сутыкнуліся ІП:

«Пазіцыя «Перспектывы» — зняццё адказнасці з індывідуальных прадпрымальнікаў за сертыфікаты. Гэта нашая пазіцыя і мы яе будзем прытрымлівацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?