Сёння стала вядома, што супрацоўнікі КДБ затрымалі бізнэсмэна, аднага з найбагацейшых людзей краіны Юрыя Чыжа.

У 2011 годзе «Наша Ніва» друкавала артыкул, які падрабязна апавядаў аб гісторыі поспеху ўраджэнца Бярозаўскага раёна, ягоныя першыя крокі ў бізнэсе.

Сёння мы ўзгадваем яшчэ некаторыя моманты з біяграфіі ўладальніка «Трайпла», якія не ўвайшлі ў тую публікацыю.

Жонка — уладальніца велнэс-клуба, дзеці вучыліся за мяжой

Святлана Чыж, жонка мільянера, у 2015 годзе трапіла ў спіс «Топ-50 самых стылёвых жанчын Беларусі» па версіі часопіса XXL.

Некалі ў інтэрв’ю «Народнай волі» Юрый Чыж казаў, што ягоная жонка выканала «свой грамадзянскі абавязак — нарадзіла і выхавала траіх дзяцей», а ўжо пасля гэтага вырашыла заняцца бізнэсам.

Яна з’яўляецца ўласніцай велнэс-клуба EVO.

Велнэс — гэта такая канцэпцыя здаровага ладу жыцця, заснаванага на спалучэнні фізічнага і духоўнага здароўя. Скарыстацца паслугамі цэнтра могуць толькі члены клуба — гэта закрытая ўстанова.

Вядома, што Святлана Чыж валодае кватэрай на 300 квадратных метраў у «Доме ля Траецкага».

Старэйшыя дачка і сын Юрыя і Святланы Чыжоў атрымлівалі адукацыю за мяжой. Сяргей — у Англіі, Таццяна — у Францыі.

«Сыну было цяжка ў Англіі, яго цягнула дадому, але ён трываў. А калі скончыў навучанне, сказаў, што хацеў бы вярнуцца. Цяпер працуе разам са мной», — казаў Чыж.

Пасля вучобы ў Оксфардзе Сяргей стаў сябрам назіральнай рады Мінскага завода пеністых вінаў, акцыянерам якога з’яўляецца «Трайпл».

Таццяна таксама вярнулася на Радзіму, яна вучылася ў Парыжы гатэльнаму і рэстараннаму бізнэсу.

Малодшы сын Чыжа вучыцца ў БНТУ па спецыялізацыі «Эканоміка і кіраванне вытворчасцю».

Капаў бульбу, касіў траву, адпачываў на моры…

…з Аляксандрам Лукашэнкам.

Юрый Чыж нязменна ўваходзіў у той невялікі пул, з якім бавіў час кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Нават у мінулым годзе Чыж разам з Лукашэнкам капаў бульбу ў Драздах, звозіў кавуны і дыні. Прысутнічаў ён пры навучэнні француза Дэпард’ё навыкам касьбы.

Гэтаксама Юрый Чыж заўсёды суправаджаў кіраўніка Беларусі падчас адпачынкаў — ці то ў Сочы, ці ў ААЭ. З бізнэсмэнаў у такіх мерапрыемствах удзельнічаў яшчэ Аляксандр Шакуцін, хоць усе ведалі, што паміж гэтымі двума мільянерамі існаваў пэўны антаганізм.

Гадзіннікі за 400 тысяч даляраў

Скандынаўскія мільянеры стараюцца не дэманстраваць сваё багацце. Ходзяць у звычайным адзенні, ездзяць на звычайных машынах. Юрый Чыж — багатыр іншага тыпу. Напрыклад, бізнэсмэн заўсёды публічна з’яўляўся з вельмі дарагімі гадзіннікамі на руцэ.

У 2011 годзе «Наша Ніва» зафіксавала, што Юрый Чыж носіць плацінавы гадзіннік Ulysse Nardin, якіх усяго 30 штук у свеце. Цана такога гадзінніка вагалася ў раёне 400 тысяч даляраў.

Праз два гады ўладальнік «Трайпла» прыйшоў на выканкам Беларускай федэрацыі футбола з Patek Philippe Celestial Grand Complication, цана якога — у раёне 260 тысяч даляраў.

Вось да такіх прыгожых рэчаў меў цягу мільянер.

Цікавая манера гуляць у футбол

Чыж — заўзяты аматар футбола і барацьбы. Ён наведваў практычна ўсе гульні свайго «Дынама». Прычым апошнім часам на стадыёне «Трактар» ён сядаў проста на трыбунах, а не ў нейкай ложы. Заўсёды недалёка ад яго сядзеў былы прэм’ер-міністр Уладзімір Ярмошын. Чыж і сам не супраць пагуляць у футбол. Галоўны трэнер зборнай Беларусі Аляксандр Хацкевіч быў сведкам, як бізнэсмэн трымаецца на футбольным полі.

«Напэўна, з боку гэта выглядае досыць цікава. Я не раз гуляў і за каманду Юрыя Саныча, і супраць яе. Эмоцый шмат. Можа, тэхнікі і майстэрства часам бракуе, але запал і энергія усё гэта кампенсуюць. Юрый Саныч вельмі не любіць прайграваць. Часта пачынае кіраваць усімі на полі. Гуляе выключна цэнтральнага нападніка. Часам дзейнічае за кошт тарана, часам за кошт свайго аўтарытэту. А часам бярэ на сябе судзейскія абавязкі. Спрэчная сітуацыя, супернік крычыць, маўляў, нічога не было, а Юрый Саныч спыняецца і кажа: «Не, тут сапраўды быў фол». І ўсе пагаджаюцца:). Некаторыя моманты, вядома, камедыйныя. Але галоўнае, што нашы кулі — гэта эмоцыі і добры настрой», — казаў Хацкевіч у інтэрв’ю by.tribuna.

Будаваў пад Мінскім новыя рэзідэнцыі

Чыж мае катэдж у сталічных Драздах, самым прэстыжным квартале Беларусі, але вырашыў яшчэ займець і маёнтак за межамі Мінска. Ягоны новы дом знаходзіцца каля Лагойска. Агульная плошча катэджа велізарная, ажно 875 м2. У двары запланавана лазня і басейн.

Чыж рэдка даваў інтэрв’ю не на спартыўныя тэмы. Аднойчы ён расказаў пра свае прыярытэты ў музыцы.

«Я ў плане музыкі усяедны, але больш люблю аўтарскія песні. Вельмі падабаецца Уладзімір Высоцкі. Ну і наогул — рэтра: музыка 1970—1980-х, тыя рэчы, на якіх вырас. Усё ж такі раней больш было сэнсавага і высокамастацкага. А цяпер: два разы тупнуў, два разы прыстукнуў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?