Піша Лявон Баршчэўскі.

На адным з сайтаў прачытаў апісаньне таго, як атачэньне сп. Лукашэнкі вяло дыскусію пра рэфармаваньне сярэдняй школы. Кіраўнік Берасьцейскай вобласьці паскардзіўся свайму прэзыдэнту, што яго дачка сутыкнулася зь «няправільнымі» правіламі расейскай мовы, паводле якіх трэба пісаць «раненый солдат», але «раненный в плечо солдат». Маўляў, гэта ж абы што – і ўсё гэта вынік... школьнае рэформы. Ну, беларускую мову «палата дэпутатаў» ужо амаль адрэфармавала – цяпер, насуперак маскоўскім прыдумкам, трэба заняцца расейскай!

Калісьці, калі напалову «ў цёмную», без належнае экспэртнае ацэнкі міністэрства адукацыі (яшчэ за міністрам Брыгадзіным) уводзіла праграмы й падручнікі для 12-гадовай школы, я выступіў з адпаведным артыкулам у «Народнай волі». Тады яшчэ легальна існаваў Ліцэй, можна было на ўласным досьведзе паказваць, што рэформа дзеля рэформы, без належнае падрыхтоўкі ня ўдасца. Сёньня сам Галоўны загаварыў пра яе хібы – і намякнуў на мажлівасьць... павароту назад. Вось так, пасьля ўбуханых мільярдаў на стварэньне новых праграмаў, падручнікаў, сыстэмаў ацэнкі ведаў, урэшце на перападрыхтоўку мноства настаўнікаў цяпер, відаць, спатрэбяцца новыя мільярда на новае «адкручваньне назад» (проста так вярнуцца да старога ўжо немагчыма). Між іншага, у апошнія гады зь міністэрства й Інстытуту адукацыі адышла бальшыня тых спэцыялістаў, якія яшчэ маглі неяк выпраўляць становішча...

Зрэшты, Беларускі Ліцэй і тым разам выстаяў, не паддаўся, і нічога яму, калі што, адкручваць назад не давядзецца. Бо ён ня кідаўся й наперад – як той вершнік на фанэрны танк. А астатніх бацькоў і дзяцей застаецца толькі шкадаваць, бо куды чарговы раз завядуць іх высокія дзяржаўныя мужы – можна толькі здагадвацца...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?