Пакуль большасьць айчынных прадусэраў працягваюць ляпіць праекты-клоны расейскай эстрады, вядомыя музыкі ў суседніх краях вучаць беларускую мову. Піша Сяргей Будкін.

Сёньня песьня па-беларуску сярод музыкаў у суседніх краёх лічыцца ўдалай піяр-акцыяй ды лепшым спосабам прадэманстраваць салідарнасьць зь беларусамі.

Дыктатару прывет із Польшчы

Польскі гурт Big Cyc мае 18-гадовую гісторыю, а ў яго дыскаграфіі 13 альбомаў.

Напачатку ў сваіх песьнях музыкі кпілі з камуністаў. Іх першая кружэлка мела назву «З партыйным прыветам!», а на вокладцы была зьмешчана выява Леніна з панкаўскім іракезам. Тады свой стыль яны жартоўна вызначалі як «лямбада-гард-кор». Зрабіў фурор у Заходняй Эўропе і другі іх дыск «Заходні Бэрлін», які быў запісаны пад уражаньнем ад першых выступаў у аб’яднанай Нямеччыне.

Маладыя панкі зь цягам часу пасталелі, лідэр гурту Кшыштаф Скіба стаў вядучым калюмністам у тыднёвіку Wprost, іх музыка палягчэла, а тэмы твораў набылі выразнае сацыяльнае адценьне.

Big Cyc — адзін з самых палітычна актыўных гуртоў Польшчы. Яны адразу адгукнуліся на прапанову ўзяць удзел у акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю ў Варшаве разам з Neuro Dubel. На гэтым канцэрце 16 лютага Big Cyc прэзэнтавалі песьню «Дыктатар», дзе кпяць зь беларускага прэзыдэнта, які «bardzo lubi sport» і «nie lubi czytac gazet», ды ставяць яго ў адзін шэраг з Сталіным, Брэжневым ды Піначэтам.

На новы, 14-ты, альбом, які мае выйсьці днямі, гурт запісаў «Дыктатара» па-беларуску — упершыню ў сваёй багатай гісторыі. К.Скіба ў адным з інтэрвію прызнаўся, што ўсяго за некалькі дзён пасьпяхова прайшоў інтэнсіўны курс беларускай мовы. Цяпер «Дыктатар» гучыць па-беларуску на ўсіх канцэртах гурту. Песьня даступная для згружэньня на афіцыйным сайце каманды bigcyc.pl.

Big Cyc так упадабалі сваю беларускамоўную песьню «Дыктатар», што сьпяваюць яе на ўсіх канцэртах.

Butch сьпелі на «экзатычнай» мове

Расейскі праект Butch — гэдлайнэр расейскіх «піўных» фэстываляў — таксама запісаў песьню на беларускай мове. У гурце ніхто ня мае беларускіх каранёў, і музыкі далёкія ад апяваньня сацыяльна-палітычных тэмаў. Салістка Алена Пагрэбіская прыйшла ў музыку з журналістыкі — яна працавала палітычным камэнтатарам праграмы «Время» на ОРТ.

Butch складаецца з былых удзельнікаў некалі папулярнага ў Расеі гурту «Маша и медведи». Некалі Алена ўжо зьдзівіла сваіх прыхільнікаў, калі пасьля поп-рокавага альбому зрабіла альбом рамансаў.

Нядаўна Butch прэзэнтавалі сваю новую песьню «Не далі». Як дзеля экзотыкі, так і ў якасьці прадусэрскага ходу. Пазалетась Butch выступілі разам з гуртом «Індыга» ў Менску: народу сабралося меней, чым хацелі масквічы, і таму, каб завабіць беларускую аўдыторыю, яны паабяцалі вярнуцца ў Менск зь беларускамоўнай песьняй. Вялася размова наконт таго, каб беларускі варыянт іх новай песьні зрабіў Андрэй Хадановіч, але расейцы вырашылі даверыцца сваёй маскоўскай знаёмцы, якая некалі працавала ў праграме БТ «5 на 5». Пераклад выйшаў недасканалы («У любві дзьве стараны адной мэдалі», — пяюць Butch), але сваё абяцаньне Butch выканалі. «Не далі» мае выйсьці на сынгле каманды.

Вакалістка «Butch» часам пазыцыянуе сябе як вакаліст.

Казацкі рок па-беларуску

Кіеўская каманда «Тінь Сонця» існуе з 1999 г. і мае ў дыскаграфіі два альбомы; гэтаксама гурт атрымаў гран-пры ўкраінскага фэстывалю «Подых». Спачатку хлопцы гралі ў рэчышчы альтэрнатыўнага року, але потым перайшлі да выкананьня «казацкага року» ці то фольк-мэталу. Ад гэтага часу гурт супрацоўнічае з такімі ўкраінскімі палітычнымі арганізацыямі, як «Союз гетьманців-державників» і «Просвіта», а таксама запачаткаваў праект «Патріотична Рок-Трибуна», які ставіць на мэце прамоцыю прагрэсіўных і патрыятычных камандаў.

Лідэр «Тінь Сонця» Сяргей Васілюк лічыць, што беларуская мова ня можа быць чужой для ўкраінцаў, бо яна ёсьць «адной з моваў нашай супольнай прабацькаўшчыны — Русі».

Украінцы зрабілі «Песьню Чугайстра» — сваю вэрсію ангельскамоўнай Twilight Sun для трыб’юту Gods Tower, а потым перасьпявалі гэтую ж песьню па-беларуску, прысьвяціўшы твор 20-й гадавіне Чарнобыльскай аварыі. Лідэр Gods Tower Ножык неяк прызнаўся, што кавэр выйшаў лепшы за арыгінал.

Кіраўнік «БМА Group» Віталь Супрановіч паводле вынікаў 2005 году нават улучыў гэтую песьню ў тройку найлепшых беларускіх гітоў. Украінскія музыкі рыхтуюць таксама беларускамоўную старонку на сваім афіцыйным сайце sun-shadow.info. Беларуская вэрсія «Песьні Чугайстра» ўдзельнічае зараз у гіт-парадзе «Тузін Гітоў».

Посьпех «Песьні Чугайстра» натхніў Сяргея Васілюка беларусізаваць інтэрнэт-старонку свайгоь гурту.

У падтрымку дэмакратыі

De Shifer называюць «рэаніматарамі ўкраінскага гард-кору». Яны зьявіліся 10 год таму пад расейскай назвай «Вспыхнул шифер», але праз год зьмянілі свой рэпэртуар на ўкраінскамоўны.

Свае апошнія два дыскі гурт запісаў у Лёндане і Бэрліне. Шалёную папулярнасьць каманда набыла падчас украінскіх выбараў-2005, дзякуючы песьні «Час прийшов». De Shifer нават атрымалі памятны знак «Актыўныя ўдзельнікі Памаранчавай рэвалюцыі». Лідэр гурту Зьміцер Богуш вырашыў запісаць свой гіт яшчэ на дзесяці мовах ды выдаць інтэрнацыянальны самотнік. Найперш De Shifer заняліся беларускамоўнай вэрсіяй. 26 сакавіка музыкі прэзэнтавалі «Час прыйшоў» у прэс-цэнтры блёку «Наша Ўкраіна». «Гэты твор — натуральнае жаданьне падтрымаць нашых братоў-беларусаў у іх змаганьні за дэмакратыю», — тлумачыць З.Богуш. Беларуская вэрсія ўкраінскага гіта ўвойдзе ў новы самотнік каманды Freedom song.

Нават у Петразаводзку

Беларуская тэматыка цікавіць як выканаўцаў старажытнай музыкі, так і сучасных музычных экспэрымэнтатараў. Гурт Drolls зь Петразаводзку, які неаднойчы прыяжджаў у Беларусь з канцэртамі, запісаў зь беларускімі музыкамі з «Гуды» праект Zara.

Паводле словаў Вікторыі Міхно з «Гуды», Drolls выявіў беражлівае стаўленьне да прапанаванага архаічнага песеннага матэрыялу ды высокае ўласнае выканальніцкае майстэрства.

Удзельнікі Drolls — выпускнікі Петразаводзкай кансэрваторыі — у сваю чаргу прызнаюцца, што праект Zara — цікавая спроба спалучэньня сярэднявечнай эўрапейскай музыкі і славянскай язычніцкай культуры: «Мы намагаліся не супрацьпастаўляць гэтыя пласты, а выявіць іх узаемапранікненьне», — кажуць музыкі. У запісе беларуска-расейскага праекту таксама ўзяў удзел адзін з найлепшых фольк-выканаўцаў Расеі Аляксандар Лявонаў.

Петразаводзкія мэнэстрэлі з Drolls стварылі з «Гудай» цэлую праграму.

Музычных экспэрымэнтатараў з маскоўскага гурту «НОМ» таксама прывабіла беларуская тэматыка. Але яны вырашылі ўвасобіць сваю ідэю не ў музычным дыску, а ў кінафільме. На пачатку красавіка ў Маскве адбылася прэзэнтацыя фільму «Беларуская быль», зьнятага ўдзельнікамі гурту Андрэем Кагадзеевым і Мікалаем Капейкіным, а галоўную ролю ў ім выканаў экс-лідэр «НОМ» Сяргей Кагадзееў. Але фільм — гэта ўжо іншая гісторыя. Інтэрвію зь яго стваральнікамі чытайце ў бліжэйшых нумарох «НН».

Расейскі гурт «НОМ» зьняў фільм «Беларуская быль».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0