Гэта адбылося 10 сакавіка, прычынай смерці папярэдне называецца інфаркт. Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміла жонка Валерыя Сядова Ірына Логінава.

Фота радыё «Свабода».

У Варшаве Валерый Сядоў знаходзіўся ад 2011 года, ён вучыўся па праграме Каліноўскага ў дактарантуры Універсітэта Вышынскага.

5 сакавіка яму споўнілася 64 гады.

Сам Валерый Сядоў нарадзіўся ў Грузіі, мае рускае паходжанне. Аднак у канцы 1980-х рашуча падтрымаў беларускі адраджэнскі рух, ад 1989 года быў у БНФ.

«Вось паверце, я этнічна рускі, чалавек, які ў той час ня ведаў ані слова па-беларуску, быў сябрам управы БНФ. Ані ад Вінцука Вячоркі, ані ад Івашкевіча, ані ад Зянона Пазняка я ані разу не пачуў папроку ў сваёй этнічнай прыналежнасці альбо ў няведанні мовы. У іх такіх думак нават не ўзнікала», — казаў Сядоў.

Працаваў у Інстытуце філасофіі Акадэміі навук. У 1990-м на Сядова заводзілася крымінальная справа за ўдзел у антыкамуністычным мітынгу. Тады ён залез на помнік Уладзіміру Леніну перад домам ураду і змясціў на яго целагрэйку зэка ГУЛАГа з крыжом, абматаным калючым дротам.

У СІЗА ён правёў 70 дзён, больш за 30 з якіх галадаў. У 2011 годзе за ўдзел у акцыі салідарнасці з палітвязянямі Сядоў быў арыштаваны на 12 сутак.

Цяпер вырашаецца пытанне дастаўкі цела Валерыя Сядова ў Беларусь.

Час і месца развітання будуць названыя пазней.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?