Колькасць здарэнняў з удзелам самалётаў, якія належаць кампаніям былога СССР, дасягнула 10-гадовага максімуму, гаворыцца ў дакладзе па бяспецы палётаў у 2015 годзе, падрыхтаваным Міждзяржаўным авіяцыйным камітэтам.

Як вынікае з апублікаванай МАК статыстыкі, расейскія самалёты падалі часцей, чым самалёты іншых краін былога СССР. З расследавання МАК вынікае, што за 2015 год адбылося 56 авіяцыйных здарэнняў, 41 з якіх прыйшлося на Расію. У катастрофах з удзелам расійскіх самалётаў загінулі 60 чалавек, або амаль палова ад агульнай колькасці загінулых.

У дакладзе не ўлічвалася гібель пасажыраў з прычыны тэрактаў.

Як адзначаюць аўтары дакладу, колькасць авіяздарэнняў у параўнанні з 2014 годам узрасла з 48 да 56, пры гэтым доля сур'ёзных авіякатастроф застаецца на ранейшым узроўні, а асноўнай іх прычынай застаецца чалавечы фактар.

«70% здарэнняў абумоўленыя чалавечым фактарам, 24% — адмовамі/няспраўнасцямі авіяцыйнай тэхнікі, 6% — неспрыяльным вонкавым уздзеяннем», — гаворыцца ў дакуменце.

«Прымаючы пад увагу тое, што працэнт авіяцыйных здарэнняў, звязаных з праявай чалавечага фактару ў лётнай і тэхнічнай эксплуатацыі паветраных судоў, не змяншаецца, распрацаваць у дзяржавах мэтавыя комплексныя праграмы па ўсіх аспектах ўплыву чалавечага фактару на бяспеку палётаў. Рэкамендацыя давалася неаднаразова», — рэзюмуюць аўтары дакладу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?