14 пар чырвоных парасонаў гайдаюцца на прыбярэжных вербах у раёне вуліцы Пуліхава ў Мінску. Такую інсталяцыю вывесілі мінскія юнакі Сяргей Краўчанка і Андрэй Бусел.

«Трохі падмалявалі з раніцы Пуліхава, — напісаў у сябе ў фэйсбуку Сяргей Краўчанка. — Канцэпцыя інсталяцыі не хацела вымалёўвацца, але ў цэлым гучала як «бескарыснае павінна ляжаць прыгожа».

Пакуль мантавалі, прыйшоў вусаты мужчына, млява пазаймаўся побач усходняй гімнастыкай, потым усё ж спытаў, што гэта ўсё значыць. «Нічога асабліва не значыць. Проста ў нас былі лішнія парасоны».

Праз гадзіну пасля мантажу на чырвоныя парасоны ўжо шчурылася кампашка з шампанскім. А мужчыны шаноўнага веку спрабавалі высветліць, нашто гэта было трэба кітайцам [за пару соцень метраў адсюль месціцца шыкоўны гатэль «Пекін»] і што яны мелі на ўвазе. Гэтак жа, мужчыны спрабавалі зразумець, як зробленыя аб'екты, што ўнутры: «Слаўка, зразай давай — пабачым, што там!»

Мы папрасілі не зразаць, бо нічога там няма, і ўсё ж Славік запусціў дапытлівыя ручыскі між парасонамі, каб пераканацца ў крышталёвай пустаце.

Пенсіянеры з супрацьлеглага берага заміралі і глядзелі. Бегуны прыпыняліся і фатаграфавалі. 14 пар чырвоных парасонаў на кустах і дрэвах сустрэнеш не штодня.

Гэта класна. Мінчукі любяць прыгажосць, вывучаюць яе, цікавяцца. Нават спрабуюць надаць ёй сэнсу і надзяліць функцыяй — у адну пару парасонаў ўпіхнулі пустую бутэльку з-пад шампанскага», — падсумоўвае малады мінчук.

У мінулым улады горада не раз знішчалі самавальна размешчаныя арт-аб'екты, зафарбоўвалі мастацкія графіці. На жаль, культура чыноўнікаў застаецца казарменнай. Цікава, як доўга пратрымаюцца натхняльна-чырвоныя парасоны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0