Названае журы прэміі Гедройца, паведамляе Беларускі ПЭН-цэнтр. Сёлета ў журы Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца ўвайшлі:

Ігар Бабкоў — беларускі празаік і філосаф, лаўрэат прэміі Гедройца 2014;

Анджэй Бжэзецкі — польскі журналіст, аўтар кніг пра Беларусь, галоўны рэдактар часопіса «Nowa Europa Wschodnia»;

Сяргей Дубавец — беларускі пісьменнік, журналіст;

Малгажата Ноцунь — польская журналістка, аўтарка кніг пра Беларусь, намесніца рэдактара часопіса «Nowa Europa Wschodnia»;

Людміла Рублеўская — беларуская пісьменніца, літаратурны крытык;

Ганна Янкута — беларуская перакладчыца, літаратурны крытык.

У адпаведнасці са статутам прэміі Гедройца журы абіраецца камітэтам, у які ўваходзяць старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама асоба, якую яны выбралі з сябраў журы мінулых гадоў. Сёлетні камітэт: Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч і Уладзімір Арлоў.

Поўны спіс твораў будзе абвешчаны ў канцы сакавіка. Уручэнне прэміі адбудзецца ў верасні.

У чэрвені 2015 г. прэмію атрымаў Віктар Казько, фота Сяргея Гудзіліна.

У чэрвені 2015 г. прэмію атрымаў Віктар Казько, фота Сяргея Гудзіліна.

Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. Папярэднія пераможцы прэміі: Павел Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько «Час збіраць косці» (2015).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0