У Беларусі будзе створаны грамадска-кансультатыўны савет для каардынацыі дзейнасці па абароне дзяцей ад шкоднай інфармацыі, паведаміла міністр інфармацыі Лілія Ананіч 15 сакавіка ў ходзе анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА.

Паводле яе слоў, у Палаце прадстаўнікоў да другога чытання рыхтуюцца папраўкі ў некаторыя законы, якія тычацца абароны дзяцей ад шкоднай інфармацыі, у тым ліку ў законы аб сродках масавай інфармацыі, аб выдавецкай справе.

«Падрыхтаваны шматпланавы законапраект, які з'яўляецца вынікам калектыўнай працы тых, хто ў розных сферах абавязаны абараняць інфармацыйную прастору, выхоўваць маладое пакаленне і абмяжоўваць дзяцей ад дэструктыўнай інфармацыі. Сутнасць прапанаваных паправак — увесці комплекс мер па абароне дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду здароўю, развіццю, маральнасці», — адзначыла Ананіч.

«Вядома, ёсць разуменне, што не толькі грамадска-кансультатыўны савет, але і тыя дзяржорганы, якія бралі ўдзел у распрацоўцы законапраекта, будуць па сваіх кірунках адсочваць прымяненне і захаванне нормаў заканадаўства», — лічыць кіраўнік інфармацыйнага ведамства.

Ананіч выказала ўпэўненасць у тым, што папраўкі ў заканадаўства «ў пэўнай ступені сістэматызуюць і дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі». У прыватнасці, паведаміла яна, сістэматызаваць дзейнасць СМІ дапаможа ўзроставая маркіроўка інфармацыйнай прадукцыі. Пасля ўнясення паправак у заканадаўства пэўныя змены павінны быць і ў сетцы вяшчання. У прынятым законе будуць выразна прапісаныя алгарытмы дзеянняў, хто і як будзе класіфікаваць інфармацыйную прадукцыю, а таксама кантраляваць выкананне заканадаўства.

Прадугледжваецца, што парадак кваліфікацыі інфармацыйнай прадукцыі, вырабленай на тэрыторыі Беларусі, вызначыць урад.

Распаўсюджвальнікі замежнай прадукцыі будуць або загадзя ў сваіх дагаворах з выдаўцамі прапісваць атрыманне накладаў ужо маркіраванай прадукцыі, або маркіраваць яе самастойна.

«Калі гаворка ідзе пра кнігу, то гэта не хуткаспелы прадукт, у выдаўца будзе дастаткова часу, каб з аўтарам вызначыцца, на каго гэта кніга разлічана. Ужо сёння практычна ў кожнай кнізе ёсць інфармацыя, што кніга прызначана для сярэдняга або старэйшага школьнага ўзросту», — сказала міністр.

Між тым, адзначыла Ананіч, адной толькі маркіроўкай праблему не вырашыць. «Грамадства і дзяржава бяруць заканадаўчы курс на абарону дзяцей ад уздзеяння шкоднай інфармацыі. Такая інфармацыя не накіравана на фарміраванне ўсебакова развітай, духоўна і маральна сталай асобы і, уздзейнічаючы на дзіцячую псіхіку, можа прывесці да негатыўных наступстваў», — рэзюмавала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0