У хуткім часе ў Беларусі павінна з’явіцца першае выданне адной з самых  папулярных кніг ХХ стагоддзя – знакамітых «Хронік Нарніі» К.С.Льюіса.

Арганізатары праекта ўжо цалкам падрыхтавалі выданне першай кнігі і цяпер збіраюць грошы праз краўдфандынгавую пляцоўку talaka.by непасрэдна на сам друк.

Пераклад на беларускую мову першай з кніг легендарнага фэнтэзі — «Пляменнік чараўніка» — быў зроблены Надзеяй Кім з вялікай любоўю да арыгінала і роднай мовы. Вокладку ствараў адзін з найлепшых беларускіх ілюстратараў — Раман Сустаў. Для ілюстравання самой кнігі выкарыстаны арыгінальныя малюнкі, зробленыя на замову Клайва Льюіса знанай мастачкай Паўлінай Бэйнс.

Арганізатары праекта «Хронікі Нарніі па-беларуску» Аляксей Шэін і Андрэй Кім зладзілі прэзентацыю кнігі ў галерэі «Ў». На мерапрыемстве прысутнічала новы амбасадар каралеўства Вялікабрытаніі спадарыня Фіёна Гібс, якая адзначыла высокую каштоўнасць кнігі і важнасць стварэння падобных перакладаў.

Тут і ніжэй фота: Павал Хадзінскі і Дар'я Смольская

Тут і ніжэй фота: Павал Хадзінскі і Дар'я Смольская

«Хронікі Нарніі» — залатая класіка літаратуры. К. С. Льюіс разам з Дж. Р.Р. Толкіным (трылогія «Уладар пярсцёнкаў») лічацца заснавальнікамі і найлепшымі прадстаўнікамі жанра фэнтэзі.

Серыя кніг пра Нарнію карыстаецца вялікай папулярнасцю ва ўсім свеце. Да 2006 года было прададзена больш за 100 мільёнаў асобнікаў. І вось чарговай мовай, на якой выходзіць гэтая цудоўная гісторыя, становіцца беларуская.

Кнігу плануецца выдаць накладам у 2000 экзэмпляраў. Частку наклада плануецца прэзэнтаваць беларускім школкам. Акрамя таго, да выдання «Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка» будзе даданы выпуск аднайменнай аўдыёкнігі ў агучцы найлепшых беларускіх акцёраў.

Цяпер арганізатары просяць падтрымаць гэты праект фінансава. У залежнасці ад сумы, ахвяраванай на выданне, ахвярадаўцы атрымаюць падарункі, у тым ліку — саму кнігу па кошце, ніжэйшым, чым будзе ў крамах. Падтрымаць выданне «Хронік Нарніі» можна тут.

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся, калі ласка, да арганізатараў выдання:

Аляксей Шэін +375 29 651 2665 [email protected]

Андрэй Кім +375 29 5543459 [email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0