Цана солі
Жанр: драма, меладрама
Рэжысёр: Тод Хейнс
У ролях: Кейт Бланшэт, Руні Мара, Кайл Чандлер, Джэйк Лэсі, Сара Полсан, Джон Магара
Вялікабрытанія, ЗША, 118 хв.
Адзнака: 9
Нью-Ёрк 1950-х. Юная прадавачка Тарэса знаёміцца з чароўнай багатай жанчынай Кэрал. Яны паступова збліжаюцца, і Тарэса ўсведамляе, што закаханая. Дзякуючы Кэрал, Тарэса ідзе за сваёй марай — працаваць фатографам у выдавецтве, дзе пануюць мужчыны. Муж Кэрал, з якім яна знаходзіцца ў працэсе разводу, імкнецца скарыстаць сувязь дзвюх жанчын, каб атрымаць апеку над пяцігадовай дачкой і вярнуць жонку. Сцэнар фільма заснаваны на рамане амерыканскай пісьменніцы Патрыцыі Хайсміт «Цана солі» (1952). Яе дэбютны раман, «Незнаёмцы ў цягніку» (1950), быў экранізаваны Хічкокам, а серыя кніг пра аферыста містара Рыплі натхніла не аднаго рэжысёра.
Пісьменніца хавала сваю гомасэксуальнасць і выдала «Цану солі» пад псеўданімам, але кніга атрымала вядомасць і была перавыдадзеная ў 1953 вялікім тыражом. Часткова сюжэт з’яўляецца аўтабіяграфічным.
Рэжысёрам стаў Тод Хейнс («Мяне там няма», 2007) — майстар лірычнай драмы. Стужка выдатна стылізаваная пад лёгкі нуар, пік якога ў кінаматографе прыйшоўся на 50-я. Цёмнавалосая Руні Мара («Дзяўчына з татуіроўкай дракона», 2011) выканала роль Тарэсы, а стылёвую фатальную бландзінку — Кейт Бланшэт («Язмін», 2014).
Трохкутнік ім склаў Кайл Чандлер у ролі мужа Кэрал. Фільм атрымаўся ўдумлівы, павольны, але з пэўным эмацыйным накалам.
Прэм’ера фільма адбылася на Канскім кінафестывалі — 2015, дзе Руні Мара атрымала «Залатую галінку» за найлепшую жаночую ролю. Фільм атрымаў шэсць намінацый на прэмію «Оскар» і пяць — на «Залаты глобус».
***
Нуар (фр. Film noir — «чорны фільм») — тэрмін для абазначэння галівудскіх крымінальных драм 1940—1950-х гадоў, у якіх адлюстраваная атмасфера песімізму ў грамадстве. Для іх характэрныя змрочная атмасфера цынічнага фаталізму, сціранне мяжы паміж героем і антыгероем, адносная рэалістычнасць дзеяння і цёмнае асвятленне сцэн, як правіла начных.