У Мінску 473 чалавекі ў адпаведнасці з дэкрэтам № 3 «аб дармаедах» апавясцілі падатковыя органы пра тое, што яны не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў, паведаміла 16 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску намесніца начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па горадзе Мінску Галіна Гурыновіч.

«На сённяшні дзень пададзена 473 паведамленні. Гэтым грамадзянам ужо выстаўлены збор у памеры 1,2 млрд. рублёў. Калі яны да 1 ліпеня заплацяць гэты збор, то яго суму можна будзе паменшыць на 10%. Ужо збор заплацілі 166 грамадзян у памеры 466 млн рублёў», — сказала Гурыновіч.

Як паведамлялася, дэкрэт прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» быў падпісаны 2 красавіка 2015 года. Ім устаноўлены абавязак грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь (на сёння гэта 4 млн 200 тыс. рублёў).

Як патлумачыла Гурыновіч, такія грамадзяне мелі права падаваць у добраахвотным парадку апавяшчэнне з 1 жніўня 2015 года аб тым, што яны не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржвыдаткаў ці ўдзельнічалі, але менш за 183 дні за год.

«Што тычыцца агульнай колькасці грамадзян, якія трапяць пад нормы дэкрэта, то казаць пра гэта вельмі рана. Рэальную карціну мы ўбачым у жніўні», — зазначыла спецыяліст.

Як паведамлялася, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у беларускай сталіцы на канец снежня 2015 года склала 6,8 тыс. чалавек (0,6%), За 2015 год узровень афіцыйнага беспрацоўя вырас утрая. Эксперты звязваюць рост афіцыйнага беспрацоўя са складанай эканамічнай сітуацыяй, а таксама з дзеяннем дэкрэта «аб дармаедах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?