Да Дня роднай мовы партал TUT.BY абвясціў конкурс, у якім трэба было прачытаць верш на беларускай мове, за што пераможцу абяцалі 30 кніг беларускай класікі ад выдавецтва «Папуры». Гарадзенскія святары падумалі, што будзе выдатна мець кнігі ў парафіяльнай бібліятэцы, каб праваслаўныя вернікі маглі іх чытаць. Яны зрабiлi сваё вiдэа i ў заяўцы паабяцалі ў выпадку перамогi перадаць прыз бібліятэцы кафедральнага сабора.

«Верш, можна сказаць, не выбіралі. «Магутны Божа» Наталлі Арсенневай у нас ведае на памяць кожны клірык. Асабліва тыя, хто спявае ў хоры. Да верша Равенскi напісаў музыку, твор уваходзіць у рэпертуар хору. Ім ужо не першы год адкрываюць фестываль «Каложскі благавест». Нам здалося, што ў нашых вуснах найбольш арганічна будзе глядзецца менавіта верш-малітва», — распавёў дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч.

З месцам святары таксама вызначыліся хутка.

«Дзе ж яшчэ маліцца i чытаць пра Беларусь, як не ля Каложы — найстаражытнейшага храму нашай Радзімы», — кажа дыякан Дзмітрый.

Дзмiтрыю Паўлюкевічу дапамаглі сваімі галасамі дыякан Аляксандр Калацкi, святар Віктар Калацкі і панамар Антось Федасееў.

Здымаў ролік рэжысёр Аляксандр Ганец, заснавальнік гарадзенскай кінастудыі «Акропаліс».

«Гэта толькі пачатак цыклу экранізаваных вершаванняў. Мы не вагаючыся ўзяліся за такі праект. Ёсць задума з дапамогай сімбіёзу двух мастацтваў, літаратуры і кіно, разварушыць сучаснага разбэшчанага гледача і выклікаць у ім эмоцыю замілавання ад ўбачанага. Выклікаць пачуццё гонару за тое, што жыхары нашай краіны маюць неўміручы скарб у выглядзе роднай літаратуры. Толькі пры такой умове атрымаецца папулярызаваць беларускую мову і літаратуру, а таксама зацікавіць жыхара Беларусі любіць сваю краіну», — падзяліўся думкамі Аляксандр.

У сакавіку TUT.BY абвесціць пераможцаў конкурсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?