«Дзейнічаючы ў рамках задачы па зніжэнні памеру рызыка-прэміі ў кошце крэдытаў і з улікам аналізу наяўных рызык», праўленне Нацыянальнага банка Беларусі прыняло рашэнне аб зніжэнні 1 красавіка памеру стаўкі рэфінансавання на 1 працэнтны пункт да 24% гадавых. Пра гэта паведамляе ўпраўленне інфармацыі галоўнага банка краіны.

Варта адзначыць, што стаўка рэфінансавання заставалася ў Беларусі нязменнай больш за год: у пачатку 2015 года пасля дэвальвацыі беларускага рубля Нацбанк падняў яе памер з 20% да 25% і з тых часоў яе не паніжаў.

Адначасова з рашэннем паменшыць стаўку Нацбанк зніжае нарматыў фонду абавязковых рэзерваў — на 0,5 працэнтнага пункта да 7,5%.

Таксама адбудзецца ўзмацненне жорсткасці парадку фарміравання банкамі рэзерву на пакрыццё магчымых страт па спецыяльных партфелях аднародных крэдытаў у выпадку, калі працэнтная стаўка па крэдытах, выдзеленых юрыдычным асобам у беларускіх рублях, перавышае ўстаноўлены Нацбанкам узровень.

Прыняты і іншыя рашэнні ў галіне грашова-крэдытнай палітыкі. З 1 красавіка памер гэтага ўзроўню зніжаецца з 1,2 да 1,1 стаўкі па пастаянна даступных аперацыях Нацбанка ў форме крэдыту авернайт. Гэта зменіць верхні ўзровень ставак па рублёвых крэдытах юрыдычным асобам, які не патрабуе прыняцця банкамі дадатковых дзеянняў па абмежаванні рызык, з 36% да 33% гадавых.

Адначасова ў мэтах мінімізацыі рызык для фінансавай стабільнасці прынята рашэнне аб унясенні змянення ў пастанову праўлення Нацбанка ад 22 красавіка 2015 года № 242 «Аб абмежаванні ставак дэпазітнага рынку шляхам карэкціроўкі рэзервовых патрабаванняў», якое прадугледжвае павелічэнне рэзервовых патрабаванняў у выпадку выяўлення ўстанаўлення банкамі ставак па новых тэрміновых банкаўскіх укладах (дэпазітах) юрыдычных асоб у нацыянальнай валюце, якія перавышаюць узровень 0,9 стаўкі па пастаянна даступных аперацыях Нацбанка ў форме крэдыту авернайт.

Як адзначае Нацбанк, на працягу першага паўгоддзя 2016 года будзе працягнута палітыка, накіраваная на зніжэнне памеру рызыка-прэміі ў кошце рублёвых крэдытаў. Пры гэтым прыняцце далейшых канкрэтных мер у гэтым кірунку будзе ажыццяўляцца з улікам аналізу існуючых макраэканамічных рызык і ўздзеяння на эканоміку ўжо прынятых рашэнняў.

Абгрунтоўваючы прынятыя рашэнні, галоўны банк краіны адзначае, што спажывецкія цэны ў лютым 2016 года ў гадавым вымярэнні (люты 2016-га да лютага 2015-га) выраслі на 12,8%. Іх павелічэнне адбылося ў асноўным у выніку павышэння тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, што не ўплывае на трэндавую інфляцыю.

Стрымліванне інфляцыйных працэсаў з'яўляецца першачарговай задачай грашова-крэдытнай палітыкі ў гэтым годзе. Плануецца, што прырост спажывецкіх цэн у 2016 годзе ў гадавым вымярэнні (снежань 2016-га да снежня 2015-га) складзе не больш за 12%.

Пры гэтым сярэдняя працэнтная стаўка па новых рублёвых крэдытах банкаў эканоміцы ў лютым 2016 года ў намінальным выражэнні склалася на ўзроўні 33,1% гадавых, у рэальным выражэнні (з улікам прагназаванай інфляцыі) — каля 20% гадавых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?