17.03.2016 / 23:46

Як Юрый Чыж у 1996 годзе ўладу крытыкаваў: «Ідзе нагнятанне псіхозу» 40

Няпроста паверыць, але ў пачатку і сярэдзіне 1990-х гадоў бізнэсмен, уласнік кампаніі «Трайпл» Юрый Чыж вызначаўся дастаткова ліберальнымі поглядамі. Ён нават публічна праз недзяржаўныя СМІ крытыкаваў дзеянні ўладаў. Вось прыводзім урыўкі з інтэрв’ю Чыжа газеце «Свободные новости», якое выйшла ў сакавіку 1996 года.

Тады гаворка зайшла пра перарэгістрацыю недзяржаўных прадпрыемстваў. Чыж казаў, што прайсці яе змогуць толькі буйныя гульцы, а вось дробным давядзецца цяжка. Таксама прэтэнзіі Чыжа былі да асабліва набліжаных да ўлады бізнэсменаў, якім робяцца выключэнні.

«Магу назваць пару-тройку дзеячаў, для якіх робяцца выключэнні з правіл і якія сапраўды ўяўляюць інтарэс для дзяржавы. А ўсе астатнія? Выглядае, што нашым уладам прыносіць задавальненне глядзець на гіпертрафіраваны гандль, пры якім можна накруціць 100% зверху і пры гэтым глядзець нявіннымі вачыма», — абураўся Юрый Аляксандравіч.

Вось яшчэ адзін цікавы пасаж Чыжа, асабліва на сённяшні дзень, калі КДБ выставіў яму амаль аналагічныя абвінавачанні.

«Мноства фірмаў рэгіструецца з адной мэтай — сысці ад падаткаў; месяц папрацавалі, а пасля закрыліся, заснавальнікі зніклі. Тым больш сёння новы пашпарт атрымаць танней, чым заплаціць падаткі».

Пасля яшчэ адна порцыя крытыкі ўлады. «Пра нацыяналізацыю яшчэ ніхто не гаворыць, але не выключаю, што трымаюць у галаве. Ідзе нагнятанне псіхозу […] Гэта чыста папулісцкі жэст – народу ж патрэбна нешта перыядычна падносіць. Не атрымліваецца накарміць, апрануць, «запусціць», пакаштуйце на смак перарэгістрацыю. Почырк адзін: калі не з’есці цалкам камерсантаў, то хаця б замінаць іх працы».

У чарговай порцыі крытыкі Чыж нават спрабуе разважаць пра карані праблем у грамадстве.

«Адкуль у нас з’явіцца нешта новае і перадавое, калі людзей усё жыццё арыентавалі на падпарадкаванне?

Я не магу прыняць такую палітыку, як і не магу зразумець, хто і за кошт каго будзе падымацца. Дапусцім, што прыватныя асобы нажывіліся за кошт дзяржпрадпрыемстваў. Але нельга дапускаць і адваротнага! Каб дырэктар буйнога завода нешта вырашаў і нешта хацеў, ён павінен быць уласнікам», — казаў Юрый Чыж.

Апошняе пытанне гэтага інтэрв’ю тычылася таго, ці магчыма быць у Беларусі паспяховым бізнэсменам і адначасова ўзорным падаткаплатнікам.

«Я б не сказаў, што той, хто займаецца вытворчасцю, плаціць вялізныя падаткі. Гэта ў нейкай ступені нагнятанне жарсцяў з падачы гаспадарнікаў, якія давялі вытворчасць да ручкі і якім нейкім чынам трэба апраўдвацца, чаму заводы стаяць, чаму заводы працавалі ў страту.

Хай прэзідэнт у гэтым разабраўся, тым больш што абяцаў ужо не першы год. Зрабіце так, каб гэтая дзяржмаёмасць, якая працуе крайне неэфектыўна, хаця б фрагментарна запрацавала ў рамках прыватнай маёмасці. […]

А што тычыцца падаткаў, то гэта ўжо ўнутранае «я» падкажа: ці збірай барышы на асабістым рахунку, пры гэтым не забываючы пра дзяржаўныя апетыты, ці ўкладвай у развіццё сваёй справы. Калі ты прыйшоў «усур’ёз і надоўга», то спынішся на другім варыянце».

У публікацыях дваццацігадовай даўніны Чыж паўстаў зусім іншым чалавекам, не тым, да каго мы звыкліся за апошні час.

Мільянер Юрый Чыж арыштаваны 11 сакавіка 2016 супрацоўнікамі КДБ. Яго абвінавачваюць у нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Паводле версіі спецслужб, Чыж спрабаваў уцячы з краіны. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Зміцер Панкавец

0
Мордехай В. / Адказаць
17.03.2016 / 12:11
Еще в 1999 году представители беларуского бизнеса критиковали власть на страницах... СБ. Капитализм - двигатель плюрализма.
0
Миша тунеядец / Адказаць
17.03.2016 / 12:35
Деньги и власть делают слугу не совершенным. Кодекс бусидо.
0
Satan / Адказаць
17.03.2016 / 12:38
В 1996г. и владелец этих самых Свободных новостей вызначаўся дастаткова ліберальнымі поглядамі. А сейчас у него ни Свободных новостей, ни Сержа.)
Паказаць усе каментары/ 40 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру