Гарадзенскія маршруткі ў трэці раз трапілі пад абстрэл нелегальных перавозчыкаў, якія ніяк не хочуць пускаць канкурэнтаў у Навагрудскі і Карэліцкі раёны.

— Беззаконне ў гэтых раёнах квітнее, нелегалы выцясняюць усіх, кашмараць нашых вадзіцеляў, а сябе групоўка называе «Бандай на тэчыках», — распавядае AutoGrodno.by перавозчык, чый аўтамабіль абстралялі ў мінулы панядзелак.

— Па кірунку Мінск—Навагрудак—Гродна адпраўляе свае аўтамабілі некалькі легальных перавозчыкаў. Мясцовым жа кіроўцам, якія ніяк не зарэгістраваныя, такая сітуацыя не падабаецца, — кажа наш суразмоўца. — Яны пагражаюць кіроўцам усіх легальных перавозчыкаў і нападаюць на нашы аўтамабілі. Першая такая атака адбылася ў лістападзе 2015 года. Тады аўто абстралялі з пнеўматыкі, разбілі дзве шыбы.

Праз месяц сітуацыя паўтарылася. На гэты раз дзве розныя маршруткі на хаду закідалі камянямі, балтамі і гайкамі. Цяжкія прадметы выкідалі з сустрэчных аўтамабіляў, адзін з балтоў нават засеў у ветравой шыбе.

— Тады нашы калегі звярталіся ў мясцовую міліцыю і паказвалі фота аднаго з тых, хто пагражае. У Навагрудку ў міліцыі яго адразу пазналі, ад нас прынялі заяву, але неўзабаве справу закрылі. Вінаватыя так і засталіся беспакаранымі, — кажа суразмоўца.

14 сакавіка 2016 года на легальную маршрутку зноў напалі. На гэты раз абстралялі грунтоўна, разбітыя амаль усе шыбы:

— Мікрааўтобус быў прыпаркаваны ў Карэлічах на агульнай стаянцы, а кіроўца спаў дома. Невядомыя людзі ў гадзіну ночы адкрылі агонь па аўтамабілі з пнеўматычнай зброі. Незадоўга да гэтага яны пагражалі кіроўцу, — тлумачыць прадстаўнік легальных перавозак. — Разумееце, там у іх гэта нармальна. Папаліць аўтамабілі, пастраляць у шыбы. Там нават не дзевяностыя, там яшчэ глыбей, сапраўдная Сіцылія.

— Мы прасочваем выразную ўзаемасувязь паміж усімі пагрозамі і вышэйзгаданымі выпадкамі, — кажа перавозчык. — Калектыўна мы зноў звярнуліся ў мясцовую міліцыю, падалі дастатковую колькасць доказаў віны канкрэтных асоб. Спадзяёмся, што на гэты раз вінаватыя будуць пакараныя. А мы абавязкова агучым наступствы справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0