Кампаніям-лаўкостарам Мінск не цікавы, заявіў генеральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў 17 сакавіка на пасяджэнні калегіі дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму ў адказ на прэтэнзіі прадстаўнікоў турыстычнай галіны аб тым, што беларуская авіякампанія перашкаджае прыходу ў краіну бюджэтных перавозчыкаў.

«Няма ніводнай заяўкі лаўкост-кампаній на палёты з нейкіх еўрапейскіх гарадоў у Мінск, якую б авіяцыйныя ўлады не задаволілі ці не дазвалялі лятаць», — сказаў Гусараў.

Паводле слоў гендырэктара «Белавія», прапрацоўваецца пытанне аб магчымых палётах у Мінск арабскай лаўкост-кампаніі Fly Dubai. «Хутчэй за ўсё, яны паляцяць, хоць сёння эканоміка не вельмі да гэтага схіляецца», — адзначыў ён.

«Але нікому з еўрапейскіх лаўкостараў Мінск сёння проста не патрэбны, — дадаў Гусараў. — Яны ж зарабляюць грошы, а не проста танна прадаюць білеты. Тут яны добра разумеюць, што грошай не заробяць. Прычын гэтаму вельмі шмат, але не «Белавія» тут перашкода».

Гендырэктар авіякампаніі таксама адказаў на прэтэнзіі з нагоды таго, што «Белавія» не пускае ў Мінск расійскіх рэгіянальных авіяперавозчыкаў. Паводле яго слоў, самалёты «Белавія» доўга ляталі ў Новасібірск і Екацярынбург, але з-за эканамічных прычын рэйсы былі спыненыя. «Мы вельмі цесна супрацоўнічаем з расійскай кампаніяй S7, мы клічам іх актыўна лятаць у Мінск. З мінулага года мы актыўна клічам сюды Уральскія авіялініі, аднак яны не ляцяць», — сказаў Гусараў.

***

Нагадаем, у пачатку лютага газета «Ведомости» напісала, што гендырэктар расійскай авіякампаніі «Пабеда» Андрэй Калмыкоў папрасіў Міністэрства транспарту РФ «аказаць садзейнічанне ва ўрэгуляванні тарыфных спрэчак з беларускай авіякампаніяй «Белавія». Для палётаў у Беларусь трэба атрымаць акрэдытацыю рэспубліканскага дэпартамента па авіяцыі, адна з умоў акрэдытацыі — узгадненне тарыфаў з прызначаным з боку Беларусі перавозчыкам («Белавія»), адзначаў Калмыкоў. Паводле яго слоў, у пачатку снежня 2015 года «Пабеда» падала запланаваныя тарыфы «Белавія», якія прыкладна на 30% ніжэйшыя, чым у іншых авіякампаній», але тая адмовілася іх узгадніць, палічыўшы, што яны могуць прывесці да зніжэння тарыфаў на кірунку Масква — Мінск і дэстабілізаваць наяўную канкурэнтную сітуацыю.

У Міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі тады абверглі інфармацыю аб тым, што беларускі бок адмовіў расійскаму лаўкостару ў палётах. «Авіякампанія «Пабеда» прайшла ўзгадненне з дэпартаментам авіяцыі ва ўстаноўленым парадку, дакументы яны атрымалі. Працягваюцца перамовы на ўзроўні ўзгаднення тарыфаў. Перамовы вядуцца ў рабочым парадку. Існуюць агульныя правілы: калі вы хочаце атрымаць акрэдытацыю, вы павінны падаць пакет дакументаў», — заявіла БелаПАН у пачатку лютага прэс-сакратар Мінтранса Кацярына Грыб. Такімі публікацыямі «Пабеда» «падаграе штучную цікавасць», дадала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?