17.03.2016 / 17:26

Запаведная зона Белавежскай пушчы павялічаная да 58,3 тыс. га 1

Плошча запаведнай зоны Белавежскай пушчы павялічаная на 1,2 тыс. га да 58,3 тыс. га, у тым ліку за кошт уключэння ўчасткаў лесабалотнага комплексу «Дзікае». Гэта прадугледжана ўказам нумар 99 «Аб пераўтварэнні Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 сакавіка, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Нормы дакумента нацэлены на аптымізацыю межаў і рэжыму аховы функцыянальных зон нацыянальнага парку.

Змяненні рэжымаў аховы і выкарыстання тэрыторыі Белавежскай пушчы заключаюцца ў пераглядзе і павелічэнні колькасці ўчасткаў з дадатковымі абмежаваннямі на гаспадарчую дзейнасць за межамі запаведнай зоны. Так, у месцах гнездавання ахоўных відаў драпежных птушак павялічваецца да 6 месяцаў у годзе перыяд забароны вядзення гаспадарчай дзейнасці.

Указам дазволена праводзіць на тэрыторыі запаведнай зоны мерапрыемствы, накіраваныя на барацьбу з чужароднымі відамі раслін і жывёл, а таксама на аднаўленне парушанага гідралагічнага рэжыму. Такія мерапрыемствы павінны быць узгоднены з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Нацыянальнай акадэміяй навук.

Змяненні ўносяцца і ў склад рэкрэацыйнай зоны нацыянальнага парку, што ў перспектыве дазволіць пашырыць яго турыстычныя магчымасці.

Рэалізацыя норм указа нумар 99 дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць прыродаахоўных і лесааднаўленчых мерапрыемстваў, аптымізаваць расходы на вядзенне гаспадарчай дзейнасці, а таксама забяспечыць дадатковыя меры кантролю за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства.

0
гаспадар літоўскі. / Адказаць
17.03.2016 / 18:20
Клапаціцьца трэба пра ўсе беларускія нацыянальныя паркі, а не толькі пра "Белавежу" !
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру