17.03.2016 / 17:52

ТАА «Фармэль» можа ўвайсці ў склад «Беллегпрама»

ТАА «Фармэль», якое выпускае адзенне пад брэндам «Марк Фармэль», можа ўвайсці ў склад «Беллегпрама», паведаміў сёння журналістам старшыня канцэрна Мікалай Яфімчык.

«Прынцыпова мы не маем нічога супраць таго, у якой форме і ў якім выглядзе існуюць прадпрыемствы, якія займаюцца лёгкай прамысловасцю на тэрыторыі Беларусі. У склад канцэрна ўступіў «Контэ Спа», выяўляў жаданне ўступіць «Серж», але па пэўных прычынах (кампанія абвясціла сябе банкрутам) гэтага не адбудзецца. Мы размаўляем з «Марк Фармэль», і я б быў не супраць, думаю, што і маладыя людзі не супраць. Калі ім цікава ў нас — калі ласка, мы гатовыя іх прыняць», — адзначыў Мікалай Яфімчык.

На яго думку, у навязванні ўваходжання ў склад канцэрна няма нічога добрага. «Задача канцэрна — стварыць максімальна аднолькавыя ўмовы для ўсіх вытворцаў на тэрыторыі Беларусі. Калі прадпрыемства, уступаючы ў канцэрн, спадзяецца на тое, што мы будзем адстойваць нечыя асабістыя інтарэсы, то не. Мы, вядома, будзем адстойваць інтарэсы, але не ў карысць аднаго з суб'ектаў гаспадарання, кім бы ён ні быў», — запэўніў старшыня канцэрна.

Ён дадаў, што калі будуць створаныя аптымальныя ўмовы, то прыватны бізнэс сам прыйдзе і прапануе супрацоўнічаць.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру