У Гродне кіроўца маршрутнага таксі папаўся п'яным за рулём, ледзь уладкаваўшыся на працу. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама.
26-гадовы малады чалавек, які раней 29 разоў прыцягваўся да адказнасці за парушэнні правілаў дарожнага руху, у поле зроку ДАІ трапіў ужо на другі дзень пасля пачатку працы кіроўцам маршруткі. Відавочцы, якія патэлефанавалі па нумары 102, паведамілі, што на канцавым прыпынку кампанія з трох чалавек распівае ў маршрутцы спіртныя напоі. Сярод іх быў і кіроўца маршрутнага таксі.
Мікрааўтобус «Мэрсэдэс» з сямю пасажырамі неўзабаве быў спынены нарадам ДАІ. Агляд паказаў, што ўтрыманне алкаголю ў арганізме затрыманага перавысіла гранічна дапушчальнае прыкладна ў шэсць разоў.
«Усё адбылося 7 сакавіка. Сёння вынесеная пастанова, якая прадугледжвае на тры гады пазбаўленне права кіравання і вялікі штраф. У Транспартную інспекцыю будуць накіраваныя дакументы для вырашэння пытання аб прыпыненні або пазбаўленні фірмы-перавозчыка права займацца адпаведнай дзейнасцю», — распавялі ў ДАІ.