Найбліжэйшым часам у Беларусі будзе прынятае рашэнне аб спрашчэнні візавага рэжыму, паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной 17 сакавіка на пасяджэнні калегіі дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму.

«Зараз вельмі актыўная праца ідзе. Мы сумесна з Міністэрствам замежных спраў і Мінэканомікі яе працягваем. Я думаю, літаральна праз месяц-паўтара рэспубліку ўзрадуюць сур'ёзным рашэннем па спрашчэнні візавага рэжыму», — заявіў намеснік міністра. Пры гэтым Партной не стаў удакладняць дэталі праекта.

У сваю чаргу дырэктар дэпартамента па турызме Вадзім Кармазін зазначыў, што міністэрства прапануе спрасціць візавы рэжым для грамадзян «паспяховых у міграцыйным плане краін». Ён паведаміў, што лібералізацыя візавага рэжыму ўключаная і ў праект дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» на 2016—2020 гады, які ўнесены на разгляд у Саўмін. У праекце дзяржпраграмы мэтавымі экспартнымі рынкамі для сферы турызму названыя Расія, краіны Еўропы, Кітай, В'етнам, Ізраіль, а таксама Турцыя.

Нагадаем, пра падрыхтоўку рашэння па спрашчэнні ў Беларусі візавага рэжыму для некаторых чужаземцаў заявіў 2 сакавіка міністр замежных спраў Уладзімір Макей. «Актывізацыі кантактаў малога і сярэдняга бізнесу з замежнымі партнёрамі магла б паслужыць лібералізацыя візавага рэжыму. Мы гэта добра разумеем і ў гэтым кірунку працуем. Больш за тое, рыхтуем праект указа, які максімальна б забяспечваў магчымасці для дзелавых кантактаў з замежнымі партнёрамі», — сказаў ён. Макей зазначыў, што пакуль не хацеў бы падрабязна спыняцца на нормах указа, бо яго праект цяпер абмяркоўваецца з зацікаўленымі бакамі і найбліжэйшым часам будзе перададзены на разгляд Аляксандру Лукашэнку. «Я думаю, што гэты ўказ значна дапаможа палегчыць экспарцёрам арганізацыйную працу з партнёрамі з іншых краін», — заявіў кіраўнік МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?