У фільме «Сярожа» ёсьць адзін матыў, які робіць гэтую стужку «палітычна непажаданай» у сёньняшняй Польшчы. Гэты матыў датычыць расстрэлу і спаленьня беларускіх вёсак на Падляшшы польскім антыкамуністычным падпольлем у 1946 годзе.

Беластоцкі дакумэнталіст Юры Каліна пачаў здымаць «Сярожу» для Белсату пры ўладзе Грамадзянскай плятформы, а закончыў працу тады, калі Польшчай стала кіраваць партыя Права і справядлівасьць. У палітыкаў Права і справядлівасьці — крыху іншае бачаньне найноўшай польскай гісторыі, чым у папярэдняй кіроўнай каманды, ня кажучы ўжо пра бачаньне гэтай гісторыі беларускай нацыянальнай меншасьцю на Падляшшы. Адсюль і нявыкрутка для цяперашняга кіраўніцтва публічнай польскай тэлевізіі: што рабіць з «палітычна няправільнай» стужкай, зьнятай за дзяржаўныя грошы? Забараніць як быццам не выпадае, бо гэта занадта нагадвала б камуністычную эпоху, але і паказваць неахвота.

Яраслаў Іванюк, Сяргей Нічыпарук, Юры Каліна

Яраслаў Іванюк, Сяргей Нічыпарук, Юры Каліна

Я ня ўпэўнены, ці пасьля сваёй прэм’еры на Белсаце фільм «Сярожа» паказалі яшчэ на нейкім канале польскай тэлевізіі. На ўсякі выпадак Юры Каліна цяпер езьдзіць са стужкай па Падляшшы і паказвае яе там, дзе можна і дзе яго запрашаюць свае, беларусы.

Герой фільму, Сяргей Нічыпарук — загалоўны Сярожа — нарадзіўся ў сям’і, якая пацярпела ў пацыфікацыі вёскі Залешаны. 29 студзеня 1946 году аддзел Рамуальда Райса-«Бурага» спаліў гэтую вёску, забіваючы ў ёй 16 чалавек. У палаючай хаце згарэлі тры браты спадара Нічыпарука (адзін зь іх — ва ўлоньні маці). Ягоны бацька пасьля трагедыі ажаніўся паўторна, і Сярожа нарадзіўся ўжо з гэтага другога шлюбу.

Памяць пра трагедыю Залешанаў — важны матыў у фільме, але не галоўны. Фільм у асноўным распавядае пра даволі незвычайны жыцьцёвы лёс падляскага беларуса, які ў маладосьці быў перакананым камуністам, потым расчараваўся ў камунізьме, паступіў у праваслаўную духоўную сэмінарыю, як адзін зь нешматлікіх беларусаў на Беласточчыне стаў актывістам «Салідарнасьці» у 1980-м годзе, а ў посткамуністычным пэрыядзе зрабіўся «індывідуальным прадпрымальнікам» — набыў гаспадарку пасярод Белавескай пушчы і абсталяваў там нешта накшталт турыстычнай базы разам з музэем народнага побыту.

Сяргей Нічыпарук

Сяргей Нічыпарук

Расповед пра жыцьцё Сяргея Нічыпарука вядзецца ў форме журналісцкага дасьледаваньня: рэжысэр і сцэнарыст Юры Каліна запрасіў калегу, беластоцкага радыёжурналіста Яраслава Іванюка, паўдзельнічаць у фільме на правах дасьледчыка-актора і суразмоўніка галоўнага героя стужкі. Гэты ход дазволіў аўтару фільму пашырыць расповед пра Сярожу «пабочнымі» сюжэтамі і тэмамі: размовамі Яраслава Іванюка з гісторыкам Яўгенам Мірановічам, сьледчым Інстытуту нацыянальнай памяці ў Беластоку Дарыюшам Альшэўскім, дырэктарам Беластоцкага дзяржаўнага архіву Марэкам Кетлінскім, колішнімі таварышамі Сяргея Нічыпарука зь ячэйкі «Салідарнасьці» ў Дубічах-Царкоўных. 

Фільм шчодра — мабыць, упершыню ў такім маштабе ў гісторыі польскага кінэматографу — адлюстроўвае падляскі моўны «міш-маш»: галоўны герой ды жыхары Залешанаў і Дубіч-Царкоўных размаўляюць на сваёй падляскай гаворцы; гісторык Мірановіч па-беларуску; пракурор Альшэўскі і дырэктар Кетлінскі па-польску; Яраслаў Іванюк, у залежнасьці ад сытуацыі, адзываецца на гэтых трох мовах; падляскія бацюшкі карыстаюцца мовай, калі не памыляюся, набліжанай некаторымі лексычнымі рысамі да расейскай ХІХ стагодзьдзя. Cinéma vérité падляскага разьліву… 

Да таго яшчэ ў стужцы бачым Белавескую пушчу ў розныя поры году, зубры, алені, лася, бабра, дзятла, працэс вэнджаньня каўбас. Бадай, толькі самагону не хапае. Ну і, як у большасьці фільмаў Юрыя Каліны — у гэтай стужцы мноства царкоўнага: асьвячэньне «пасхі» на Вялікдзень, частаваньне «манастырскім супам» ў дзень Сьв. Дзьмітрыя ў манастыры ў Саках ды іншыя маленьні, пропаведзі і асьвячэньні, на якія ў маёй галаве няма і назваў. Беларуская праваслаўная кропля, якая распускаецца ў польскай каталіцкай бочцы…

У фільме вельмі прыемна глядзяцца кадры аэраздымкі — ня выключана, што аўтары фільму карысталіся дронамі. Трэба спэцыяльна адзначыць выдатную працу апэратара Кшыштафа Вянцкоўскага. Калі Сяргей Нічыпарук кажа ў стужцы, што месца, дзе ён жыве, гэта «кавалачак раю на зямлі», глядач верыць яму безагаворачна. Я, шчыра кажучы, ня бачыў ніякага іншага настолькі маляўніча-прыгожага фільму пра сваю родную зямлю, як «Сярожа»…

Юры Каліна

Юры Каліна

Карацей, будзе вельмі шкада, калі польская тэлевізія не наважыцца паказаць гэты фільм ня толькі для рэгіянальнай падляскай аўдыторыі, але і для агульнапольскай. Бо «Сярожа» — фільм не пра беларускае бачаньне польскай гісторыі, не пра беларускую праўду і крыўду, а заклік да міжнацыянальнага паяднаньня і паразуменьня, да ўзаемнага прабачэньня мінулых крыўдаў і несправядлівасьці ў імя справядлівай і лепшай будучыні, дзеля захаваньня супольнага «зямнога раю».

Вось што кажа Сяргей Нічыпарук пад канец фільму, тлумачачы, дзеля чаго беларусам і палякам трэба бараніць свой «кавалачак раю»:

«Usiê povidny moliti Boha, žeb odohnav z našych serdeć tuju nenavisť. Ja dumaju, že vže čas zabuti ob obidach, že vže čas odvołatiś do rozumu. Bo jak my znov začynajem dilitiś na odnych i druhich, to tak jakby my opjať siêjali zerno zła.»

Перакладаць на беларускую ня буду. Калі каму незразумела, можа паглядзець гэтую стужку з ангельскімі тытрамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?