Мінгарвыканкам зацвердзіў акцыю, запланаваную на 25 Сакавіка, аднак прапанаваў арганізатарам змяніць яе фармат.

Пра рашэнне ўладаў стала вядома 18 сакавіка падчас наведвання гарвыканкама заяўнікамі акцыі. Як паведаміў адзін з заяўнікаў, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, збор удзельнікаў акцыі прапанавана правесці на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік», шэсце — да парку Дружбы Народаў, і там жа — мітынг.

Акрамя таго, гарвыканкам выключыў са складу заяўнікаў акцыі чатырох чалавек — старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, былога палітвязня Мікалая Статкевіча, лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка і старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку — на падставе таго, што яны на працягу года неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Аргкамітэт па правядзенні вулічнай акцыі з нагоды Дня Волі лічыць правакацыйным рашэнне Мінгарвыканкама змяніць фармат акцыі, паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі на прэс-канферэнцыі 18 сакавіка.

«Гэта правакацыя з боку чыноўнікаў гарвыканкама і міліцыі. Апошнія паўгода паказалі, што акцыі ў цэнтры горада ніякай пагрозы грамадскаму парадку не нясуць», — сказаў Рымашэўскі.

Ён заклікаў грамадзян сабрацца 25 сакавіка з 18.00 да 18.30 на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік», што дазволена Мінгарвыканкамам. «Там мы і вырашым, ці варта ісці па прапанаваным уладамі маршруце», — заявіў палітык.

Адзін з членаў аргкамітэта, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч лічыць, што ўлада ў чарговы раз паказала свой антынацыянальны характар. Палітык адзначыў, што ён сам, а таксама іншыя жыхары і госці сталіцы думаюць па-іншаму і захочуць выказаць падзяку бацькам-заснавальнікам БНР і іншым дзеячам нацыянальнага адраджэння.

Статкевіч паведаміў, што ў 17 гадзін 25 сакавіка каля помніка паэту Янку Купалу ў аднайменным скверы адбудзецца ўскладанне кветак. Пасля гэтай цырымоніі, паводле яго слоў, грамадзяне пройдуць да кінатэатра «Кастрычнік».

Яшчэ адзін член аргкамітэта, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў пазітыўны момант рашэння гарвыканкама, а менавіта наяўнасць дазволенага месца збору ўдзельнікаў. «Гэта азначае, што людзі могуць свабодна збірацца і там абмеркаваць, што рабіць далей», — сказаў ён.

Член аргкамітэта, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што рашэнне аб тым, ці прытрымлівацца прапанаванага ўладамі маршруту, будзе прымацца сумесна ўсім аргкамітэтам. Пры гэтым ён лічыць, што прайсці па вуліцы Сурганава — «гэта нармальна, годна». Янукевіч падкрэсліў, што заклікаць людзей збірацца для ўдзелу ў мітынгу ў парку Дружбы Народаў каля плошчы Бангалор аргкамітэт не будзе.

***

Заяўка на правядзенне шэсця і мітынгу з нагоды Дня Волі была пададзеная ў Мінгарвыканкам 3 сакавіка. Збор удзельнікаў акцыі планаваўся каля Акадэміі навук, а шэсце — па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы, дзе павінен быў прайсці мітынг. Арганізатары заяўлялі, што, змяніўшы фармат правядзення вулічнай акцыі з нагоды Дня Волі (у апошнія гады шэсце традыцыйна праводзілася па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор), яны хацелі пратэставаць гатоўнасць уладаў да дыялогу ўнутры краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?