Сёння ў мінскім клубе «Loft» (вуліца Петруся Броўкі, 22) культурная пляцоўка «Арт-сядзіба» ладзіць першы фестываль «ArtSiadziba Forum, альбо Дзень Вышымайкі».
Удзень прайшоў форум, на якім «Арт-сядзіба» падзялілася сваімі дасягненнямі і планамі.
«Праблемы заўсёды натхнялі нас на нейкія дзеянні. І так мы з маленькага памяшкання на заводзе «Гарызонт» пачалі пераўтварацца ў буйныя праекты. Нам спаўняецца 5 гадоў, таму ў гэтым годзе мы плануем шмат мерапрыемстваў», — адзначыў Павал Белавус, адзін з заснавальнікаў «Арт-сядзібы».
Сярод яскравых прыкладаў працы «Арт-сядзібы» арганізатары адзначылі:
- Першая вольная пляцоўка на заводзе «Гарызонт» для творчых людзей
- Начное шэсце ў скафандрах у Мінску (прысвечанае гурту N.R.M.)
- Першая беларускамоўная настольная гульня «Разам»
- Гумарыстычнае шоў «Стэндап-кавярня»
- Беларускамоўная гульня «Varta»
- Стварэнне вышымайкі
- Мерапрыемствы «Дзень вышыванкі»
- Беларускамоўны музычны кавер-бэнд
Беларускамоўны кавер-бэнд «Арт-сядзібы».
«Арт-сядзіба» плануе ў гэтым годзе заявіць сябе «па-новаму», аднак адзначае бясконцыя адмовы ў мерапрыемствах дзяржаўнымі органамі. «Мы прапаноўвалі Міністэрству Культуры, што можам зрабіць дні вышыванак і святы роднай мовы, год культуры ж. Дык намеснік міністра адказала нам, што ў іх свае мерапрыемствы, вы не падыходзіце».
У планах «Арт-сядзібы» правядзенне двух буйных мерапрыемстваў — «Каго любіш? Люблю Беларусь!» і «Дзень Вышыванкі». З першым пакуль ёсць пэўныя праблемы. «Арт-сядзіба» спрабавала дамовіцца з правядзеннем фестывалю «Каго любіш? Люблю Беларусь!» у мінскім Палацы спорту, але там знянацку знайшлі этыленгліколь? і правядзенне фестывалю стала немагчымым. Трэці па ліку фестываль «Дзень Вышыванкі» плануецца да правядзення летам, бліжэй да Купалля. Гэтым разам фестываль плануецца правесці на адкрытым паветры, у мінскім Парку Горкага.
Таксама ў планах «Арт-сядзібы» правядзенне Вялікага Спеўнага сходу разам з ініцыятывай «Спеўны сход». Мерапрыемства мае адбыцца вясною. Плануецца каля тысячы ўдзельнікаў. «Арт-сядзіба» працягне выраб новых беларускіх настолак, плануецца выпуск серыі кніг-размалёвак з аўтарскімі малюнкамі, перапрацаванымі выцінанкамі і вершамі беларускіх паэтаў.
Павал Белавус адзначыў, што іх натхніла майка LSTR з Дзедам-Барадзедам, таму яны плануюць выпусціць цацку беларускамоўнага персанажа 90-х. «Будзе ўсяго тры цацкі — Дзед-Барадзед, Паца-Ваца, а на трэцюю цацку мы правядзём конкурс і абярэм найлепшую».
Плануюцца новыя спектаклі, адзін з іх — «Францішак», прысвечаны бацьку беларускага тэатру — Францішку Аляхновічу. «Арт-сядзіба» плануе адправіцца ў 6 кропак па Беларусі да аўтэнтычных народных майстроў, якія ствараюць мастацкія прадметы і нацыянальныя сімвалы.
Цяпер культурная пляцоўка рыхтуе музычны шоў-праект, накіраваны на прасоўванне нацыянальнай культуры праз сучасную музыку, пад назвай «Радзім дае!». Падрабязнасці «Арт-сядзіба» плануе распавесці пазней.
Пачынаючы з 19:00 на сцэне «Loft» пачнуць выступаць:
— кавер-бэнд «Арт-сядзібы»;
— гурт «Амплітуда смеласці»;
— гурт «Час лайна»;
— гурт «AMAROKA»;
— гурт «Martin S».
А ўначы у якасці ды-джэя выступіць рэп-выканаўца VINSENT, які будзе граць да самай раніцы.
Уваход:
— 100 тыс.;
— у вопратцы з нацыянальнымі беларускімі сімваламі і ўзорамі вольны.
Клуб «Loft» (вуліца Петруся Броўкі, 22).