Армія ЗША ідзе да ўніфікацыі ўсіх патрабаванняў для жаўнераў і афіцэраў розных радоў войск, і на днях былі апублікаваныя мінімальныя крытэрыі фізічнай падрыхтоўкі для кандыдатаў у эліту — Спецыяльныя сілы Сухапутных войск («зялёныя берэты»).
military.com
Гэтак, каб прэтэндаваць на залічэнне на курс падрыхтоўкі байца спецыяльнага прызначэння, мужчына ці жанчына павінны прайсці тэст, які ўключае:
— 49 адцісканняў,
— 59 прысяданняў,
— марш-кідок на 3,2 км не даўжэй чым за 15 хвілін і 12 секунд,
— 6 падцягванняў.
Дадаткова будзе праведзены адбор па здароўі, інтэлекце, зроку і здольнасці перанасіць нагрузкі, звязаныя з высотнымі скокамі з парашутам, піша armytimes.com.
Жанчыны павінны мець адмоўны тэст на цяжарнасць, праведзены не больш чым за 30 дзён да пачатку адбору.
Максімальны ўзрост для рэкрутаў — 36 год.
Паўторым, гэта патрабаванні для тых, хто захоча паступіць на курс падрыхтоўкі. Па меры навучання кандыдатаў фізічныя, псіхалагічныя і інтэлектуальныя нагрузкі будуць толькі расці.
Каб паступіць на курс «зялёнага берэта», цывільнай асобе трэба спачатку атрымаць пачатковую падрыхтоўку пехацінца, падрыхтоўку паветранага дэсантніка і прайсці спецыяльны дадатковы падрыхтоўчы курс.