У каментах на NN.BY і ў сацыяльных сетках — шквал віншаванняў Андрэю Вітушку — доктару, які першым за доўгі час абараніў дысертацыю па медыцыне на беларускай мове.
Вось што напісала ў НН Галіна: «Андрэй Вітушка ратаваў маіх неданошаных дзетак у 2005 годзе. Калі я тэлефанавала ў рэанімацыю і чула яго добры голас на беларускай мове, на душы неяк цяплела. Па шчырасці, так і не пабачылася з ім пасля выпіскі, не падзякавала. Але ўвесь час памятаю пра яго. Думаю, сёння вельмі многія людзі рады за Андрэя Вітушку. Шчасця вам, Доктар, — і ў працы, і ў сям'і».
37-гадовы дзіцячы рэаніматолаг з Мінска Андрэй Вітушка працуе ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця», у яго 15-гадовы стаж работы.
Ягоная дысертацыя датычыла выяўлення прычын і прадухілення унутрачарапных крывязліццяў у неданошаных дзетак вагой ад 500 да 1500 грамаў.
Дысертацыйная прагаласавала «за» аднагалосна: усе 11 членаў.
Вітушка — выпускнік Беларускага медыцынскага ўніверсітэта. У час вучобы ён быў адным з лідараў Задзіночання беларускіх студэнтаў.
Сям'я Вітушкаў актыўна займаецца і грамадскай дзейнасцю. Жонка Андрэя Крысціна, напрыклад, узначальвае апякунскую раду адной з беларускамоўных гімназій Мінска.
Незвычайнасць абароны дысертацыі Вітушкам у тым, што гэта адна з першых беларускамоўных абаронаў у медыцыне за доўгі час.
«Што да беларускай мовы, то першае здзіўленне навуковай рады перайшло ў павагу. Усе адзначылі высокі навуковы ўзровень, практычную значнасць і актуальнасць даследвання, тэма на вастрыі цікавасці спецыялістаў усяго свету, — адзначае сведка абароны. — Дарэчы, Андрэй паспяхова прэзентоўваў свае доследы за мяжой і па-руску, і па-ангельску і па-нямецку, прывозіў узнагароды за найлепшы вынік і з Масквы, і з Зальцбурга, высокія адзнакі дысертацыі даслалі з Кіева, Санкт-Пецярбурга і іншых замежных навуковых цэнтраў».
«Наша Ніва» далучаецца да віншаванняў.