У аэрапорце Растова-на-Доне разбіўся пасажырскі самалёт «Боінг-737-800», які рухаўся з Дубая з 62 людзьмі на борце. Лайнер садзіўся ва ўмовах дрэннай бачнасці і зваліўся ў 50-100 метрах ад узлётна-пасадачнай паласы. Пры сутыкненні з зямлёй «Боінг» разваліўся на часткі і загарэўся. Загінулі ўсе, хто быў на борце.

Крушэнне адбылося ў 3 гадзіны 50 хвілін па мінскім часе. У Растове-на-Доне ў ноч з 18 на 19 сакавіка было аб'яўлена штармавое папярэджанне. У МНС паведамілі аб моцным ветры з парывамі да 28 метраў у секунду.

Самалёт, як мяркуюць, заходзіў на пасадку два разы. Пры другой спробе, ля самай зямлі, рэзка задраўся нос лайнера і ён зачапiўся хвастом за зямлю.

Па дадзеных сайта Flightradar, борт дзве гадзіны кружыў над аэрапортам, зрабіўшы дзесяць дадатковых колаў.

Сутыкненне атрымалася настолькі моцным, што лайнер разваліўся на часткі і загарэўся. Абломкі раскідала на 1,5 кіламетра. На борце знаходзіліся 55 пасажыраў, уключаючы чатырох дзяцей, і 7 членаў экіпажа. У салоне прадугледжана да 189 месцаў.

Беларусаў на борце не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0