У кожным з нас схаваны раб і вольны чалавек. Вольных часта ня любяць, як ня любяць незразумелае і недасяжнае. Але калі супольнасьць разумее, што зайшла ў тупік, яна зьвяртае свой позірк на вольных, шукаючы ў іх паратунку. Філязофскае эсэ палітвязьня Мікалая Статкевіча.

Навошта прыйшлі мы ў гэты сьвет, калі непазьбежна сыдзем у нябыт? Чаму мы, у адрозьненьне ад іншых насельнікаў Зямлі, разумеем гэта? Для прыроды, для жыцьця на нашай плянэце ўсё проста і зразумела. Сэнс — у захаваньні, у несьмяротнасьці роду, племені, расы, чалавецтва, што выяўляецца празь бясконцыя сьмерці і нараджэньні асобных індывідаў. Але які ў гэтым сэнс для мяне асабіста? Амаль кожны задаваў сабе гэтае пытаньне ў дзяцінстве ці юнацтве. Не знайшоўшы адказу, большасьць імкнецца ня думаць пра непазьбежны канец і як мага камфортней пражыць тое, што дадзена. Безумоўна, згодна з уласным разуменьнем аб тым, што ёсьць камфортным. Але ў любой больш-менш значнай чалавечай супольнасьці амаль заўсёды прысутнічаюць асобы, якія гатовы рызыкаваць сваім уласным камфортам ці нават жыцьцём дзеля нейкіх абстрактных ідэалаў. Сярод вялікай групы людзей заўжды знойдзецца той, хто ня сьцерпіць несправядлівасьці, падступнасьці ці прыніжэньня. Што прымушае такіх людзей ахвяраваць канкрэтнымі дабротамі дзеля рэчаў нематэрыяльных? Навошта яны?

У родавай памяці кожнага чалавека запісаны розныя мадэлі паводзінаў. У пэўных абставінах мы здольныя (альбо ня здольныя) выявіць закладзеныя прыродай і продкамі ціхую ўпартасьць земляроба, шчасьлівы азарт і прагу здабычы паляўнічага, баявое шаленства воя, халодную рашучасьць правадыра. Яшчэ ў кожным з нас схаваны раб і вольны чалавек. Раб гаворыць нам: «Прыстасуйся і выжыві любым коштам». Вольны цьвердзіць: «Абяры ўласны і годны шлях. Памятай, што годнасьць — гэта абавязак перад адзіным судзьдзём — уласным сумленьнем». Мы сьвядома ці несьвядома ўсё жыцьцё выбіраем паміж імі. Таксама мы выбіраем, кім нам быць, навошта жыць, да чаго імкнуцца. Ці не імкнуцца, а проста плыць згодна з наканаваньнем лёсу, успрымаючы навакольнае жыцьцё, як селянін успрымае надвор’е альбо ўладу — як абставіны, што не залежаць ад нас і да якіх трэба проста прыстасавацца. Гэта таксама выбар.

На наш выбар уплываюць, «актуалізуючы» тую ці іншую мадэль нашых паводзін, жыцьцёвыя акалічнасьці, СМІ, мастацкія творы, рэлігія, гісторыя, прыклады людзей наўкол. Прыклад годнасьці аднаго абуджае годнасьць у многіх. Гэтак жа падступнасьць нараджае падступнасьць, прыклад вольнага чалавека — жаданьне быць вольнымі, а рабскія паводзіны памнажаюць рабоў.

Людзей, здольных быць вольнымі і процістаяць паноўнай волі ўлады ці большасьці, ня шмат. Але яны — магчымасьць альтэрнатывы. Калі ўмовы існаваньня чалавечай супольнасьці істотна зьмяніліся ці пагоршыўся яе маральны стан, то такая супольнасьць можа апынуцца пад пагрозай зьнікненьня. Этычныя нормы зьявіліся ж ня проста так. Гэта вынік маральнай эвалюцыі чалавецтва і натуральнага адбору этычных сыстэмаў. Немаральныя супольнасьці страчваюць жыцьцяздольнасьць. Вольныя людзі, здольныя на самастойную маральную пазыцыю, — гэта сыгнал трывогі і магчымы шлях да ўратаваньня.

Час паскорыўся. Гэта дазваляе ўбачыць, што найбольш канкурэнтнымі сталіся тыя чалавечыя супольнасьці, этычныя нормы ў якіх грунтуюцца на ідэалах свабоды. Безумоўна, і ў іх нельга пазьбегнуць ціску грамадзтва, неабходнасьці падпарадкаваньня яго законам. Але ў вольным грамадзтве законы ўсталёўваюцца ў выніку грамадзкага кампрамісу, у якім з дапамогай свабодных выбараў можа браць удзел кожны. Пры дыктатуры законы ўсталёўвае гвалтам адзін чалавек альбо група людзей. Падпарадкаваньне волі грамадзтва, усталяванай праз супольны кампраміс, — неабходнасьць. Падпарадкаваньне волі аднаго, волі нахабнай, немаральнай, карысьлівай, — абраза. Дыктатура мае на мэце найперш захаваньне кантролю над грамадзтвам і асобай. Яна падаўляе іх і пазбаўляе энэргіі да разьвіцьця. Дыктатура актуалізуе рабоў.

Усё мае сваё прызначэньне ў гэтай вялікай гульні, якую вядзе прырода, усё патрэбна. Патрэбныя, мабыць, і людзі з псыхалёгіяй рабоў. Але калі яны пачынаюць маральна дамінаваць, калі вольных робіцца так мала, што яны стамляюцца быць вольнымі, — грамадзтва дэградуе. Вольных часта ня любяць, як ня любяць незразумелае і недасяжнае. Іх годнасьці зайздросьцяць ня здатныя на яе. Але калі супольнасьць разумее, што зайшла ў тупік, яна зьвяртае свой позірк на вольных, шукаючы ў іх паратунку. Калі вольных робіцца шмат, калі разам зь імі сымпатыі і спадзяваньні большасьці, што, можа, з зусім іншых прычынаў хоча пераменаў, — супольнасьць робіцца вальнейшай.

Несвабоднае грамадзтва нашага часу звычайна атамізавана. Яно ўспрымае навакольны сьвет і рэальнае жыцьцё праз сурагаты штучных тэлевізійных вобразаў. Такое грамадзтва безабароннае перад тымі, хто валодае манаполіяй на адзінае для большасьці «акно ў сьвет» — на стварэньне і распаўсюд гэтых вобразаў. Яно ня здольнае аб’яднацца дзеля свайго вызваленьня без салідарнасьці зь ім вольных, выяўленай праз публічныя самаахвярныя дзеяньні. Чым болей несвабоднае грамадзтва, тым большая плата за магчымасьць быць вольным. Тым болей сэнсу ім быць. Каб людзі маглі сабрацца вакол агню свабоды, нехта павінен узьняць паходню.

Вялікая ахвяра, якую можа прынесьці вольны дзеля свабоды іншых людзей, — адрачэньне вольнага ў сабе празь неабходнае дзеяньне, якое супярэчыць яго маральнаму пачуцьцю. Такая неабходнасьць можа ўзьнікнуць, напрыклад, калі не застаецца іншага сродку, каб спыніць гвалт дыктатуры, акрамя як гвалтам. Негвалтоўны супраціў можа быць эфэктыўны толькі тады, калі рэжым мае маральныя абмежаваньні на ўжываньне гвалту.

Воля ня робіць шчасьлівымі. Але ёсьць людзі, ня здатныя нармальна жыць і дыхаць безь яе, для якіх яна — неабходная ўмова, каб быць шчасьлівымі ці нешчасьлівымі, проста быць. Самаабмежаваньне на маральную ацэнку, няздатнасьць голасна назваць немаральным учынак улады ці большасьці, ухіленьне ад учынку, якога патрабуе твая годнасьць, — крок да раба ў сабе. Здрада свабодзе ад хлусьні і прыніжэньня ня толькі набліжае да раба. Яна пашырае несвабоду навокал. Воля дае шанец рэалізаваць сябе як асобу, быць у суладзьдзі з сабой. Яе магчымасьць існуе заўсёды. Усё залежыць толькі ад тваёй волі і мужнасьці быць вольным. Вольным быць ня проста. Ці можна быць вольным усё жыцьцё?

Толькі калі ты рэалізуеш сваю свабодную волю, свой выбар — ты Ёсьць. Прызначэньне мужчыны — Быць. Прызначэньне жанчыны — захаваць таго, хто Ёсьць, для наступных пакаленьняў. Калі жанчына ня мае мужчыны, які Ёсьць, яна абірае паміж захавацца і Быць самой.

Пашукай у сабе. Хто ты, кім ты можаш быць, кім ты хочаш быць? Абавязак тых, хто адчувае ў сабе патрэбу волі, вольнага чалавека, — імкнуцца быць вольным. Найперш — перад сабой, перад тым, хто ў глыбіні стагодзьдзяў заклаў гэтую патрэбу ў тваю памяць, перад тваім родам і краінай, перад тымі, хто зараз ці ў будучыні адчуе прагу быць вольным.

Што мы можам проціпаставіць сьмерці, магутным сілам, якія віруюць над намі, маленькімі мурашамі, што атрымалі магчымасьць існаваць толькі дзякуючы зьбегу выпадковасьцяў? Толькі годнасьць і жаданьне зрабіць гэты сьвет хоць крыху лепшым і дабрэйшым для тых, хто, як і ты, хоча быць вольны. Хіба гэта твой выбар, твой падарунак сьвету і наступным пакаленьням, твая дабрыня і салідарнасьць зь імі, хіба такі твой працяг у будучыню ня можа быць сэнсам?

г.Баранавічы, ПУАТ № 2

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0