Забарона на лоўлю рыбы ў паўднёвых абласцях Беларусі дзейнічае з 20 сакавіка, паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі.

«Новая рэдакцыя Правіл вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства была прынятая ў 2015 годзе. І цяпер тэрміны вясновай забароны на лоўлю рыбы дыферэнцыраваныя па рэгіёнах. У паўднёвых абласцях краіны — Брэсцкай і Гомельскай — забарона дзейнічае з 20 сакавіка па 18 мая», — растлумачылі ў Дзяржінспекцыі.

Забарона на лоўлю рыбы ў Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях будзе дзейнічаць з 1 красавіка па 30 мая, у Віцебскай вобласці — з 10 красавіка па 8 чэрвеня. «Гэта звязана з тым, што на поўдні Беларусі нераст пачынаецца раней у параўнанні з цэнтральнымі і тым больш паўночнымі рэгіёнамі», — падкрэслілі ў прэс-службе.

У перыяд забароны дазваляецца рыбачыць адной вудай з адным кручком або адным спінінгам, аснашчаным штучнай прынадай, з адным адзінарным, двайным ці трайным кручком у светлы час сутак з берага (без заходу ў ваду) альбо з лёду.

За кожную незаконна здабытую асобіну парушальнікі будуць абавязаныя пакрыць прычыненую прыродзе шкоду, якая ў час забароны вылічваецца ў трохразовым памеры. Да прыкладу, за адну асобіну ляшча, вылаўленую незаконна, шкода складзе 1,89 млн рублёў (9 базавых велічынь), сома еўрапейскага — 2,52 млн (12 базавых), ліня — 3,78 млн (18 базавых). Акрамя таго, парушальнікі могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, калі памер шкоды перавысіць 100 базавых велічынь (адна базавая цяпер складае 210 тыс.).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?