By.tribuna.com
Кіраўніку групы кампаній «Трайпл» Юрыю Чыжу, затрыманаму 11 сакавіка, прад'яўленае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры).
Мера стрымання яму засталася ранейшай — утрыманне пад вартай, паведаміў БелаПАН начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын.
Інфармацыі адносна іншых фігурантаў гэтай справы пакуль няма.
Юрый Чыж быў затрыманы 11 сакавіка. Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 15 сакавіка старшыня КДБ Валерый Вакульчык, летам мінулага года Чыж і два яго расійскія партнёры звярнуліся ў КДБ з заявай аб супрацьпраўнай дзейнасці намесніка Чыжа Уладзіміра Япрынцава. У ходзе расследавання, паводле слоў кіраўніка КДБ, было выяўлена ўхіленне ад выплаты падаткаў у «Трайпл», да якога мае дачыненне сам Чыж. Прамыя доказы гэтаму былі атрыманы КДБ 11 сакавіка.
Устаноўлена, што ў 2012 годзе па загадзе Чыжа ў Маскве была створана фірма, ажыццяўленне фінансава-гаспадарчай дзейнасці якой першапачаткова не планавалася. Яе заснавальнікам стаў вышэйзгаданы грамадзянін Расіі. «Трайпл» перадаў гэтай фірме права на свой таварны знак, а затым практычна штомесяц пераводзіў ёй буйныя сумы пад выглядам платы за карыстанне таварным знакам. Гэтыя грошы пераводзіліся ў наяўныя ў Маскве, перадаваліся касіру, а той перадаваў іх Чыжу. Такіх фірмаў, паводле слоў Вакульчыка, было досыць шмат. Шкода ацэньваецца ў мільярды рублёў.
Кіраўнік КДБ таксама паведаміў, што, даведаўшыся пра вобшукі ў офісах «Трайпла», Чыж спрабаваў схавацца за мяжой. На хуткасці 220 кіламетраў у гадзіну ён рухаўся спачатку ў бок літоўскай, а затым — польскай мяжы. Ён быў затрыманы дзякуючы ўведзенаму плану «Перахоп». Цяпер бізнэсмен узяты пад варту, абвінавачанне яму яшчэ не выстаўлена», — сказаў тады Вакульчык.
Вакульчык таксама паведаміў, што рашэнне аб затрыманні 11 сакавіка Чыжа ён прымаў сам. Дазволу на гэта ў кіраўніка краіны пытацца не трэба, паколькі Юрый Чыж не ўваходзіў у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы, адзначыў старшыня КДБ.