Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч адказала на другі калектыўны зварот журналістаў, прысвечаны сітуацыі са збіццём ў судзе карэспандэнта партала tut.by Паўла Дабравольскага, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Нагадаем, 2 сакавіка з Ліліяй Ананіч сустрэліся рэдактар TUT.BY-ТБ Алёна Шарамет-Андрэева і намеснік дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Андрэй Аляксандраў. Яны перадалі міністру ліст за подпісам 156 журналістаў, абураных збіццём Дабравольскага супрацоўнікамі АМАП у будынку суда Фрунзенскага раёна Менска 25 студзеня падчас выканання ім прафесійных абавязкаў. Гэта быў ужо другі падобны зварот да кіраўніка Мінінфарма. У ім Ананіч папрасілі выразна сфармуляваць сваё стаўленне да збівання журналіста, а таксама выступіць пасярэднікам у арганізацыі дыялогу паміж журналісцкай супольнасцю і праваахоўнымі органамі.

У атрыманым адказе паведамляецца, што зварот журналістаў быў дэталёва разгледжаны на асабістым прыёме ў міністра. «Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь будуе свае ўзаемаадносіны са сродкамі масавай інфармацыі ў строгай адпаведнасці з дзейным заканадаўствам», — сказана ў адказе Ананіч.

Ініцыятар звароту Алёна Шарамет-Андрэева «вельмі расчараваная адказам міністра». «Я расчараваная не толькі адказам, але і немагчымасцю весці канструктыўны дыялог з міністрам. Яна не пачула ні слова, толькі паўтарала усё тое, што «набалела» ёй і чыноўнікам», — зазначыла рэдактар TUT.BY-ТБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?