У Беларусі плануецца зняць абмежаванні на колькасць маркіраванай беларускімі акцызнымі маркамі алкагольнай прадукцыі, якая перамяшчаецца і захоўваецца фізічнымі асобамі. Гэта прадугледжана праектам дэкрэта, разгледжаным 21 сакавіка на нарадзе ў кіраўніка Беларусі па пытаннях удасканалення прававога рэгулявання абароту алкагольнай прадукцыі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праектам дакумента трэба будзе вызначыць аптымальныя падыходы да абароту алкагольнай прадукцыі ў краіне. Пры гэтым павінен быць дакладна выкананы баланс інтарэсаў людзей і дзяржавы.

Кіраўнік краіны растлумачыў, чаму паўстала неабходнасць надаць належную ўвагу гэтаму пытанню. У мінулым годзе адбылося некалькі выпадкаў, якія былі агучаны ў СМІ і мелі шырокі грамадскі рэзананс: міліцыя і падатковыя органы прыцягнулі грамадзян да досыць суровай адказнасці за перавозку і захоўванне адносна невялікай колькасці алкаголю. Прычым людзі закуплялі спіртное для ўласных патрэбаў, да прыкладу, для сямейных святаў, а не з мэтай перапродажу. У выніку пытанне выйшаў на прэзідэнцкі ўзровень, і кіраўнік дзяржавы даручыў заканадаўчым чынам ўрэгуляваць дадзеную праблему.

Так, па даручэнні Лукашэнкі быў падрыхтаваны праект дэкрэта, у адпаведнасці з якім прапануецца адмяніць абмежаванні на колькасць алкагольных напояў (маркіраваных беларускімі акцызнымі маркамі), якія грамадзяне могуць захоўваць і перавозіць па тэрыторыі краіны.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка прапанаваў падрабязна абмеркаваць палажэнні новага дакумента. На яго думку, зыходзіць варта выключна з інтарэсаў людзей і дзяржавы і з той сітуацыі, што складваецца. «Давайце з пункту гледжання грамадства разгледзім гэтае пытанне, а таксама з тым, каб прынятае рашэнне не нанесла шкоду дзяржаве, перш за ўсё з эканамічнага пункту гледжання і падаткаабкладання», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны ў цэлым падтрымаў праект дакумента, даручыўшы дапрацаваць яго ў частцы ўзмацнення адказнасці за незаконны абарот алкаголю - за захоўванне і перасоўванне па тэрыторыі краіны немаркіраванай алкагольнай прадукцыі, за нелегальны продаж алкаголю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?