Блізьнюкі

Зьнешне
яны дужа падобныя:
той – вечаровы,
і гэты – ранішні.
Спрасоньня, бывае,
я блытаю іх.
Лагодная ўсьмешка,
прыцішаны голас,
прымружная мройнасьць
іскрыстых вачэй.
І толькі апоўдні
высокае сонца
праясьняе аблуду
праз рэзка раскрылены рух
неўкрыжованых рук
таго, хто заўсёды
стараецца быць
пры левым баку. 

Краявід з могілкамі

Хаджу паўпрытомна
па страчаным раі.
Раблю – не раблю,
з пустога ў парожняе
пераліваю,
прыточваю кволую думку
да зьвялай душы.
Серада дагарае
цяпельцам нішчымным,
сонца вочы на захад
паволі вядзе,
адкрывае прагал
у галінах зьдзічэлых
і малюе пэйзаж,
што разьлёгся калісьці
ў Гэфсіманскім алівавым садзе.

Чысты чацьвер

Паедзем сягоньня,
мой мілы,
за мур,
далёка-далёка,
у поле,
над якім
пяюць жаўранкі
і ніхто ня плача.
Там нашых сьлёзаў
чакае зямля,
бо ў песьнях адных
яна не адмые
ўсю зімовую змогу.

Пакутная пятніца

Не пакідай мяне,
чуеш, прашу.
Ты – мой апошні,
які мне пазаўтра
зможа абвесьціць,
што Хрыстос
уваскрос. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0