21.03.2016 / 17:47

Ірына Халіп: Планета рабоў і планета людзей 12

Такім чынам, сваякі Яўгена Баскіна пасля яго арышту звярнуліся да магілёўскіх праваабаронцаў: дапамажыце, маўляў, знайсці адваката.

Ну добра, не будзем здзіўляцца таму, што чалавек, на якога працаваў цэлы штат юрыстаў-гаспадарнікаў, не змог абзавесціся яшчэ і адвакатам па крымінальных справах. Я лепш распавяду іншую гісторыю пра Баскіна. Таксама красамоўную.

Пяць гадоў таму да магілёўскага алігарха звярнуліся тамтэйшыя актывісты. Прычым не нейкія невядомыя-незразумелыя, а яго даўнія знаёмыя яшчэ з інстытуцкіх часоў. У іх не хапала грошай для завяршэння палітычнага праекту. Збіралі ўсім светам — і сабралі амаль усю суму. Не хапала двухсот даляраў. Двухсот. Усяго толькі. Баскін гарбатай напаіў, сітуацыю выслухаў уважліва. І сказаў рашучае «не», забяспечыўшы яго жалезным аргументам: «У вас сваё вяселле, у нас — сваё». (Цікава, а што б падумалі сваякі Баскіна, калі б праваабаронца Барыс Бухель, да якога яны звярнуліся ў пошуках адваката, адказаў бы ім: «У нас сваё вяселле, у вас — сваё»? Зрэшты, усё роўна, мы такіх фраз не гаворым.)

Гэта значыць, для паспяховага бізнэсмэна нейкія апазіцыянеры, якія рызыкуюць свабодай і жыццём дзеля нейкіх абстрактных паняццяў — «свабода», «дэмакратыя», «правы чалавека» — былі чымсьці накшталт марсіянаў.

Незразумелыя істоты з іншай планеты з зялёнай крывёю і галавой на шрубах. З той планеты, на якой ёсць дыктатуры, рэпрэсіі, выкраданні і забойствы, вымушаная эміграцыя, судовае самавольства, катаванні ў турмах. А на яго, Баскіна, планеце жылі упэўненыя ў заўтрашнім дні паспяховыя румяныя дзядзькі, якім ніколі нічога не пагражала. Таму што ў іх былі не толькі вялікія грошы, але яшчэ і нефармальныя адносіны, якія пры размаху ўяўлення можна было палічыць сяброўствам, — з Лукашэнкам і сынамі, міністрамі і віцэ-прэм'ерамі, губернатарамі і мэрамі. І дах у іх быў адпаведны — не проста які-небудзь дробны гэбэшны опер, а толькі вышэйшае, адборнае, надзеленае бязмежнай уладай кіраўніцтва. Яны капалі бульбу з гэтымі «дахамі» і бегалі за імі на лыжах, лісліва трымаючыся на паўкорпуса ззаду, каб не парушаць правілы гульні. Іх планета здавалася такой надзейнай, чысценькай, стабільнай, з рушачкамі і банцікамі — і раптам выбухнула к д'яблу, не пакінуўшы нічога, акрамя здзіўлення: як гэта магло здарыцца, калі яшчэ ўчора ўсё было выдатна? І нават тады не разумелі, што жывуць на планеце рабоў.

Яны заўсёды лічылі, што ў краіне ўсё выдатна, а тыя, хто выходзіць на вуліцы абараняць свае правы, хто абараняе чужыя правы, хто працуе ў падпольных СМІ, хто друкуе і распаўсюджвае ўлёткі, хто аб'яўляе галадоўкі пратэсту, — нейкія маргіналы. Тыя, хто не можа грошай зарабіць. Таму што нармальным пацанам тут добра жывецца. А каму дрэнна — тыя самі вінаватыя.

Потым яны доўга не могуць зразумець, куды падзелася гэтая іх цудоўная планета рабоў з цішынёй і спакоем, цыгарнымі клубамі і палётнымі лістамі, пасяджэннямі ў спартыўных федэрацыях і капаннем бульбы ў таварыстве найвышэйшай службовай асобы. А ведаеце іх галоўнае адрозненне ад нас? Яны лічаць яе прэзідэнтам. І нават калі не лічаць, не прызнаюцца ў гэтым пад катаваннем. На іх планеце ён сапраўды — кіраўнік дзяржавы.

Памятаю, як актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Юлія Сцяпанава распавядала пра свае сустрэчы з жонкай арыштаванага ўладальніка «Данькоў-клуба». Тая шчыра дзівілася, куды дзеліся шматлікія высокапастаўленыя сябры, чаму ўсе іх кінулі, варта было лязгнуть замку ў камеры. Яе здзіўленне зразумелае: бо ўсе гэтыя людзі, ад такіх жа бізнэсменаў да чыноўнікаў і «крышуючых» сілавікоў, забаўляліся ў казіно і начным клубе Данькова, ды яшчэ і з тымі самым дзяўчатамі, якіх потым змушалі сведчыць у судзе. Вядома, Юрый Данькоў — фігура драбнейшая, чым Чыж з Баскіным, але ён таксама жыў на іх планеце і думаў, што які-небудзь гэбэшны начальнік, які заходзіць раз у тыдзень пазабаўляцца, дакладна не дасць прапасці. Ва ўсіх насельнікаў гэтай планеты здзіўленне пасля арышту нашмат мацней за абурэнне: няўжо гэта са мной адбываецца? Як жа так — я ж свой, я такі ж, я ж не з тых! Мы ж разам у Драздах у лазні парыліся…

Гэта для іх — галоўнае. Ім здаецца, што сувязь з Драздамі — ахоўная грамата. Не выкананне законаў, не выплата падаткаў, не сумленны бізнэс — толькі Дразды і блізкі да іх «дах». Таму кожны раз, калі садзяцца, — дзівяцца: са мной такога не магло здарыцца!

Цяжка ўявіць сабе, як які-небудзь багаты літовец — дапусцім, уладальнік Maxima Нумавічус — капае бульбу з Даляй Грыбаўскайце, каб адчуваць сябе няўразлівым. А потым у Еўропе пачынаецца эканамічны крызіс, і Даля Грыбаўскайце вырашае пасадзіць Нумавічуса, каб вытрасці яго кашалёк. Ён едзе ў бок беларускай мяжы з хуткасцю 220 кіламетраў у гадзіну, але літоўская паліцыя сумесна з дэпартаментам аховы краю і ацалелымі з вайны ляснымі братамі ўводзяць план «Перахоп» і дастаўляюць бізнэсмена ў Лукішкі. Абсурд? Для Літвы або любой іншай еўрапейскай краіны — вядома, абсурд. Для нас — нармальна. І для Расіі, дарэчы, таксама. Саюзнікі па сацыялістычнай Еўразіі адзін аднаго заўсёды зразумеюць. Еўрапейскае грамадства — ніколі.

Можна, вядома, фантазіраваць і далей. Кіраўнік канцэрна «Мэрсэдэс» збірае ячмень для баварскага піва з Меркель, а потым бяжыць у бок бліжэйшага порта, каб даплысці да Калінінграда. Уладальнік Zara Амансіё Артэга збірае маіс з прэм'ер-міністрам Іспаніі і бяжыць праз Атлантыку ў бок Кубы, заціснуўшы ў зубах мачэтэ, каб абараняцца ад акул. Зрэшты, узровень абсурду і так зразумелы. Ні таму, ні другому, ні трэцяму, ні яшчэ сотням тысяч не трэба перад тэлекамерамі займацца сельгаспрацамі з кіраўнікамі дзяржаў, каб атрымаць ахоўную грамату. Таму што ў Еўропе адзіная пажыццёвая ахоўная грамата — гэта сумленны празрысты бізнэс. І ніякіх лішніх рухаў цела, ніякіх рыдлёвак і клюшак. Гэта называецца — планета людзей.

А ў нас поспех у бізнэсе дасягаецца праз бульбакапалку, клюшку, рыдлёўку, лыжы. І з выразнай мяжой паміж тымі, з кім дазволена размаўляць, і ўсімі астатнімі.

І калі ў інтэрнэце абмяркоўваюць, ці шкада Чыжа і Баскіна, магу сказаць з упэўненасцю: не шкада. Няма ні шкадавання, ні злараднасці — наогул нічога.

Таму што іх чысценькая стабільная планета, асобная ад Беларусі, выбухнула, як «Чэленджар», і на яе месцы ўтварылася пустэча. Вакуум. Космас. А ў космасе няма ні шкадавання, ні злараднасці. Ні мінулага, ні будучыні. Там нават бульба не расце, а хакейная клюшка завісае ў прасторы — і ўжо не нанесці ўдару.

0
Arambol / Адказаць
21.03.2016 / 18:32
Усё так!
0
Егор / Адказаць
21.03.2016 / 18:47
К сожалению, рабов хватает и в так называемой оппозиции. Я искал смелого патриотично настроенного адвоката для одного нашумевшего дела. Надеялся, что таковые есть у различных партийных структур и движений. Писал им письма. Никто даже не ответил. Думаю, что в этой стране и в России все закончится, в конце концов, введением внешнего управления и только после этого начнется медленный процесс выздоровления
0
папагена / Адказаць
21.03.2016 / 18:53
Ён, бадай, іншае меў на ўвазе, калі пра вяселлі казаў. Па грошы па яго ж не чалавек з прозвішчам a la "Бухель" звяртаўся. І Бухель яму не з палітычных матываў дапаможа.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру