Кобрынскія следчыя распачалі крымінальную справу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да 31-гадовага інтэрнэт-махляра.

На след злачынца праваахоўнікам удалося выйсці ў чэрвені 2015 года. Тады ў міліцыю звярнуўся юнак з заявай аб тым, што невядомы з дапамогай аддаленага доступу заблакаваў аперацыйную сістэму яго мабільніка. Падчас расследавання следчым удалося высветліць асобу падазраванага, а таксама іншыя супрацьпраўныя схемы.

Як было выяўлена, падазраваны з 2014 года па ліпень 2015 года размясціў у інтэрнэце больш за 35 аб'яваў аб выдачы крэдытаў і пазык з указаннем розных адрасоў электроннай пошты. У ходзе перапіскі з патэнцыяльнымі кліентамі ён іх пераконваў «часова» даць яму доступ да сваіх электронных кішэняў, пасля чаго мяняў рэквізіты доступу да іх. Такім чынам, падследны завалодаў больш за 20 кашалькамі розных аплатных сістэм.

«Пры гэтым частка выкрадзеных кашалькоў перапрадавалася для правядзення нелегальных аперацый. Так, адзін з іх выкарыстоўваўся для атрымання і вываду грашовых сродкаў за псіхатропныя прэпараты, якія распаўсюджваюцца з дапамогай «закладак». Толькі за май-ліпень 2015 года з выкарыстаннем дадзенага кашалька ажыццёўлена звыш за тысячу аперацый з абаротам у памеры больш за 300 мільёнаў рублёў», — паведамілі ў абласным упраўленні Следчага камітэта.

Таксама падазраваны пад выдуманай падставай суправаджэння тэхнічных аперацый прасіў перавесці яму грошы. Выяўлена 5 падобных фактаў ашуканскіх дзеянняў на суму ад 670 000 да 3 млн беларускіх рублёў.

Акрамя таго, мужчына не грэбаваў папулярным сеткавым разводам — блакаваннем камп'ютараў за прагляд і капіраванне парнаграфічных матэрыялаў. Доступ нібыта абмяжоўваўся Міністэрствам унутраных спраў, і за аднаўленне працы неабходна было пералічыць «штраф» на электронны кашалёк. З кастрычніка 2014 года па кастрычнік 2015 года падазраваны такім чынам атрымаў звыш за 350 грашовых паступленняў на агульную суму каля 97 мільёнаў рублёў.

«Падследны валодае шырокімі ведамі ў сферы камп'ютарных тэхналогій і прадпрымаў шэраг мер па недапушчэнні яго выкрывання. Так, пры ажыццяўленні злачыннай дзейнасці ён выкарыстаў розныя праграмныя прадукты, у тым ліку кіраванне аддаленым працоўным сталом, які дазваляў ажыццяўляць яму выхад у інтэрнэт пад схаваным IP-адрасам. Для актывацыі электронных кашалькоў і ажыццяўлення кіравання імі мужчына выкарыстаў сім-карты аператараў мабільнай сувязі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь з абаненцкімі нумарамі, зарэгістраванымі на «падстаўных» асоб. Таксама пры ажыццяўленні перапіскі з пацярпелымі той выкарыстаў выдуманыя дадзеныя», — дадалі ў абласным упраўленні СК.

Падазраванага затрымалі 19 студзеня ў Салігорску. На мінулым тыдні пацярпелымі прызнаныя яшчэ 5 жыхароў Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей.

У дачыненні да затрыманага распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 209 (Махлярства, здзейсненае паўторна) і ч. 2 арт. 349 (Несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, выкананы з карыслівай зацікаўленасці), ч.1 арт. 354 (Наўмыснае блакаванне камп'ютарнай інфармацыі), ч.1 арт. 354 (Унясенне змяненняў у камп'ютарныя праграмы з мэтай несанкцыянаванага блакавання інфармацыі і свядомае выкарыстанне спецыяльных вірусных праграм) КК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?