П'яны інспектар ДПС у Оршы збіў на пешаходным пераходзе школьніцу. Ідзе разбіральніцтва, але супрацоўнік ДАІ адназначна будзе звольнены без права аднаўлення, пракаментаваў сітуацыю начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама Андрэй Семяніхін.

ДТЗ з удзелам супрацоўніка ДАІ адбылося ў Оршы 14 сакавіка. Вечарам інспектар ДПС рухаўся па вул. Міру і збіў васьмікласніцу, якая пераходзіла дарогу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Дзяўчынка атрымала траўмы і была шпіталізаваная. Цяпер яе жыццю і здароўю нішто не пагражае.

Экспертыза паказала, што ў момант учынення ДТЗ кіроўца быў п'яны. Па дадзеным факце Аршанскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка. «Пазіцыя кіраўніцтва ведамства ў дачыненні да падобных супрацоўнікаў адназначная — звальненне з органаў унутраных спраў без права аднаўлення», — заявіў Андрэй Семяніхін.

Ён дадаў, што кіраўніцтва УУС гатова аказаць сям'і пацярпелай дзяўчынкі любую падтрымку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0