21.03.2016 / 21:13

Як «Рускі свет» вярбуе сяброў 29

Адбой пад «Спят усталые игрушки», пад’ём пад гімн Расіі, сцяг ДНР за паўгода да Майдану, прыезд Пуціна і ультраправых і ультралевых радыкалаў з усяго свету — на беразе маляўнічага возера ў Цвярской вобласці ладзіліся моладзевыя форумы «Селігер» і «InterSeliger» для прэзентацыі праектаў, скіраваных на «мірнае развіццё сучаснага грамадства».

Усё пачалося са знакамітага моладзевага форуму «Селігер», які ўзнік у 2005 годзе, а першапачаткова быў закрытай пляцоўкай для крамлёўскага моладзевага руху «Нашы». Маштабы раслі, форум стаў агульнарасейскім з вялікай колькасцю ўдзельнікаў і велізарным бюджэтам.

А ў 2010 годзе ён выйшаў на новы ўзровень і пачаў прымаць гасцей з розных краін свету — з’явілася новая міжнародная секцыя «InterSeliger». Ад «Селігера» яна адрознівалася, як адрозніваецца канал Russia Today ад НТВ.

Калі на расейскіх заездах можна было пабачыць інсталяцыю «Тут вам не рады» з насаджанымі на палкі галовамі расейскіх апазіцыянераў у фуражках з нацысцкай сімволікай, то на міжнародным форуме «Interseliger» усё было больш памяркоўна, рафінавана і на англійскай мове.

Форум ладзіўся на беразе маляўнічага возера Селігер у Цвярской вобласці Расіі. Удзельнікі (як расейцы, так і іншаземцы) жылі ў намётах. У лагеры панавала дысцыпліна. Адбой быў а 23:00 пад песню «Спят усталые игрушки», пад’ём а 7:00 пад гімн Расіі ў выкананні гурта «Любэ». Кожны вечар выступалі расейскія зоркі. Забаўляльная частка была на высокім узроўні, а алкаголь пад забаронай — каб стварыць для іншаземцаў пазітыўны вобраз Расіі.

Намётавы гарадок удзельнікаў форума «InterSeliger» у 2013 годзе. Побач з аўтарам — прадстаўніца з Расіі.

«Спят усталые игрушки», зоркі эстрады — на першы погляд, удзельнікі форуму не чынілі ніякай шкоды. Вось і на афіцыйнай старонцы «InterSeliger» Укантакце зазначана, што «студэнты вядучых расейскіх і замежных ВНУ збіраюцца ў адным месцы для абмеркавання глабальных праблем сучаснасці, выпрацавання шляхоў іх вырашэння, а таксама прэзентацыі ўласных праектаў і ідэй, скіраваных на мірнае развіццё сучаснага грамадства з выкарыстаннем апошніх дасягненняў навукі і тэхнікі».

Аднак акрамя студэнтаў, штогод на гэты форум прыязджалі і вядомыя грамадска-палітычныя дзеячы Расіі, у тым ліку Уладзімір Пуцін. Усе лекцыі, семінары і мерапрыемствы адбываліся ў спецыяльна абсталяваных тэнтах. Удзельнікі маглі атрымліваць гранты пад розныя праекты. Было дастаткова скласці заяўку на афіцыйным сайце. Толькі ў 2013 годзе ўдзельнікамі форуму сталі больш за 800 маладзёнаў з 139 краін свету — і гэта толькі міжнародная секцыя «InterSeliger».

Актыўна ўдзельнічалі ў гэтым форуме і беларусы. Розныя прарасійскія і «казацкія» арганізацыі з Беларусі адпраўлялі туды сваіх чальцоў. Калі на «InterSeliger» мог патрапіць любы чалавек, то на астатнія секцыі «Селігера» квоты, як правіла, размяркоўваліся праз расейскую амбасаду.

І што насамрэч адбываецца ў гэтых летніках, якія заняткі праводзяць з расейскамоўнымі замежнікамі (у тым ліку беларусамі), можна толькі здагадвацца.

У сеціве ёсць шмат фотаздымкаў з летніка «Селігер», на якіх можна пабачыць удзельнікаў са сцягам ДНР. Здаецца, нічога дзіўнага, калі б не той факт, што фоты былі зроблены… яшчэ ў ліпені 2013 года, то бок, за паўгода да Майдану.

Ці ёсць гарантыя, што Расія не рыхтуе падобны сцэнар і для Беларусі ў межах яшчэ аднаго праекта, «скіраванага на мірнае развіццё сучаснага грамадства з выкарыстаннем апошніх дасягненняў навукі і тэхнікі»?

На фотаздымку, які быў зроблены на «Селігеры», сцяг ДНР трымаюць сябры «Еўразійскага саюза моладзі».

Сябры «Еўразійскага саюза моладзі» са сцягам ДНР на форуме «Селігер» у ліпені 2013 годзе – за паўгода да Майдана. Фота: lrus1981.livejournal.com.

«Еўразійскі саюз моладзі» — гэта моладзевая арганізацыя расейскага імперца-еўразійца Аляксандра Дугіна. Яе хаўруснікамі з’яўляюцца такія партыі, як ультраправая партыя «Йобік» з Венгрыі, Прагрэсіўная сацыялістычная партыя Украіны Наталлі Вітрэнка і іншыя радыкальныя ультраправыя і ультралевыя партыі з усяго свету.

Сярод актыўных удзельнікаў быў, напрыклад, Стэван Гаіч з Сербіі, папулярны сербскі палітолаг, супрацоўнік «Інстытута еўрапейскіх даследаванняў», які актыўна падтрымлівае данбаскіх прарасейскіх сепаратыстаў і палітыку Уладзіміра Пуціна.

Форум «InterSeliger» у 2013 годзе. Злева – сербскі пракрамлёўскі палітолаг Стэван Гаіч.

Падобных асоб там было шмат, і няма нічога дзіўнага, што Расея імкнецца праз лабістаў прасоўваць уласныя інтарэсы. Таму не трэба здзіўляцца вялікай колькасці пракрамлёўска арыентаваных палітыкаў і грамадскіх дзеячаў у Еўропе. Насамрэч, іх магло б быць і значна больш, калі ўлічваць той велізарны аб’ём сродкаў, які выдзяляецца Крамлём на розных «палітолагаў» і «інстытуты геапалітыкі».

З 2015 году моладзевы форум «InterSeliger» больш не праводзіцца. Але звязана гэта не з эканамічнымі цяжкасцямі ў Расіі.

Наадварот, маштаб мерапрыемстваў павялічыўся, і замест аднаго форуму цяпер іх чатыры. Адзін з пераемнікаў «Селігера», «Tavrida International Youth Forum», праводзіцца штогод у акупаваным Крыме.

«Студэнты вядучых расейскіх і замежных ВНУ» працягваюць збірацца «для абмеркавання глабальных праблем сучаснасці». Удзельніцы форуму «Tavrida International Youth Forum» у Крыме. Фота: newdaynews.ru. 

Максім Маханькоў

0
Генэрал Голад / Адказаць
21.03.2016 / 21:25
А што вы хочаце? Гэта вайна. І ў гэтай вайне пераможа мацнейшы. Таму: не паліце, не піце, абірайце здаровую жонку (здаровага мужа), нараджайце болей дзяцей, навучайцеся вайсковай справе, яднайцеся.
0
Дзед Талаш / Адказаць
21.03.2016 / 21:30
Расецы мабілізуюцца.
0
Беларус / Адказаць
21.03.2016 / 21:32
Чем бы дураки не тешились...
Паказаць усе каментары/ 29 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру