Усё больш і больш на YouTube з’яўляецца розных відэаблогаў маладзёнаў з Беларусі. Хтосьці расказвае пра сваё штодзённае жыццё, хтосьці робіць тэматычныя перадачы, а хтосьці п’е чужую сліну. Хто ж яны, юныя відэаблогеры Беларусі?

Андрэй Шавель і HappyTown | LaGGeRFeeD, 160 952 і 1 446 501 падпісант.

Андрэй Шавель — 18-гадовы жыхар Ліды. У свае гады ён ужо стаў самым папулярным беларускім блогерам на YouTube.

Андрэй мае два каналы. На адным — разважае на розныя тэмы, робіць агляды на смешныя відэа і проста здымае сваё жыццё.

Асабісты канал Андрэй завёў напрыканцы 2013 года, а сёння колькасць падпісантаў складае амаль 170 тысяч.

Самае праглядальнае відэа прысвечана гумарыстычнаму агляду на разважанні школьніцы і мае 772 тысячы праглядаў.

На галоўным жа канале пад назвай «HappyTown | LaGGeRFeeD», які мае амаль паўтара мільёна падпісантаў, Андрэй выкладае відэа, дзе ён здымае камп'ютарную гульню Minecraft: займаецца праходжаннем карт для майнкрафту, гуляе ў рэжыме выжывання / прыгод, робіць агляды модаў для Minecraft.

Па дадзеных socialblade.com, гадавы даход блогера можа вагацца ад 48 да 773 тысяч долараў.

Самым папулярным відэа на канале з'яўляецца агляд модаў на гульню Minecraft. Паглядзець яго можна тут.

IdiotikShow, 457 031 падпісантаў.

У свой час шмат маладзёнаў падхапілі ідэю ў амерыканскага шоу «Jackass» і пачалі здымаць падобнае відэа. Вось і беларускія хлопцы вырашылі рызыкнуць.

Трукі, чорны гумар, вопыты над сабой і сваім арганізмам — так яны апісваюць свой канал, які быў створаны ў 2012 годзе, хоць самі блогеры сцвярджаюць, што шоу пачалі здымаць з 2008-га.

Самым папулярным відэа на канале з'яўляецца выпуск, дзе яны п'юць чужую сліну.

Відэа можна паглядзець тутАсцярожна, відэа 18+!

Masyaka Grand, 826 048 падпісантаў.

Masyaka Grand, ці Саня Мувер, з'яўляецца другім па папулярнасці блогерам у Беларусі.

Кантэнт яго канала складаюць відэастрымы на кампутарныя гульні Minecraft, GTA 5, SAMP. Саня стварыў акаўнт у 2012 годзе, а сёння ўжо манетызаваў яго і зарабляе грошы.

У свой час відэаблогер праславіўся тролінгам школьнікаў у анлайн-гульнях. Ён убіваўся ім у ласку, а пасля жорстка падманваў.

Выпускі набіраюць ад 20 да 180 тысяч праглядаў. Самым праглядальным з'яўляецца адзін з першых розыгрышаў школьнікаў у гульне Minecraft.

Відэа можна паглядзець тутАсцярожна, прысутнічае нецэнзурная лексіка!

Каця Казлоўская, 3205 падпісантаў.

Нягледзячы на тое, што Кацярына завяла відэаблог у чэрвені 2015, яна ўжо займела тры тысячы падпісантаў. Справа ў тым, што яе аглядамі моды зацікавіўся партал kufar.by і яны дапамаглі юнай блогерцы трохі раскруціцца на YouTube. 

Кацярына — жыхарка Мінска, студэнтка Акадэміі мастацтваў, працавала на Белтэлерадыёкампаніі. А летась вырашыла завесці свой блог на YouTube — перадачу «Модныя скарбы», дзе распавядае, як лепей апрануцца і ў чым пайсці на пэўнае мерапрыемства. Відэа набіраюць да ста тысяч праглядаў.

Адным з папулярных стаў выпуск пра вышыванку, нацыянальную вопратку і арнаменты. Каця правяла яго цалкам па-беларуску.

JTsmok, 613 падпісантаў.

Самы юны беларускамоўны відэаблогер.

Відэа пра «яечнае мовазнаўства» разышлося па папулярных беларускіх суполках, а сам Іван імкнецца прасоўваць беларускую мову, дзе толькі можна.

Канал быў заведзены напачатку 2015-га, а відэа ў сярэднім набіраюць ад 500 да 1800 праглядаў. Самым папулярным з'яўляецца выпуск «Мінск наадварот», дзе юнак паказвае жыццё Мінска ў зваротным кірунку.

Кола аглядаў, 293 падпісанты

У кожнай краіне ёсць каналы на YouTube, дзе робяцца агляды на фільмы, музычныя альбомы, гульні і г.д. Цяпер і Беларусь не выключэнне — тры юнакі запусцілі блог з такім кантэнтам па-беларуску. Яны не прэтэндуюць на экспертныя адзнакі, а ўсяго толькі выказваюць свае думкі.

Канал быў створаны пры канцы 2015 года. Відаць, што хлопцы адказна займаюцца сваёй справай.

Самым папулярным відэа на канале з'яўляецца рэцэнзія на беларускі экшн «Мы, браты».

Дзіма Ермузевіч, 553 343 падпісанты.

18-гадовы Дзіма з'яўляецца кумірам сваіх фанаў, але, на жаль, большасць з іх знаходзіцца ў Расіі. У 2011 годзе Дзіма завёў асабісты канал, на якім выстаўляў забаўляльны кантэнт, дзе ён ва ўсіх падрабязнасцях распавядаў пра сваё жыццё, танчыў з сябрамі. Сёння відэа Дзімы набіраюць 200, 500 тысяч праглядаў, а блогер так і застаўся адданы свайму фармату. Вось і самае праглядальнае відэа ў беларускага блогера — гэта ягоныя танцы, калі ён адзін дома.

Юля Гадунова, 171 575 падпісантаў.

Юля Гадунова — блогерка з Ельска (Ельскі ўніверсітэт размешчаны не там, гэта гарадок у Гомельскай вобласці). Кантэнт падобны да Дзімавага, што і не дзіўна, бо яны сябруюць і часам нават здымаюць разам.

Юля вучыцца ў БДУ на факультэце міжнародных адносін, а сваё відэа пра асабістае і студэнцкае жыццё робіць у інтэрнаце. Акрамя таго, відэаблогерка час ад часу ладзіць паказы рэчаў, якія набыла.

Канал Юля завяла адносна нядаўна — у студзені 2012-га. Яе відэа набіраюць ад 65 да 180 тысяч праглядаў. Самым папулярным з'яўляецца забаўляльныя адказы на пытанні фанаў разам з Дзімам Ермузевічам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?