З вострай крытыкай роліку ў сацсетках выступіла Юлія Цімафеева. Паэтка і перакладчыца, вядомая сваімі фэміністычнымі поглядамі, абурылася, што конкурс рэклямуюць з дапамогай мадэлі, і папракнула аўтараў відэа ў адсутнасьці фантазіі. На яе думку, кліп гэты мог рэклямаваць стрыптыз-клюб ці жаночую бялізну, але аніяк не песенна-паэтычны конкурс.
Да яе меркаваньня далучыліся некаторыя іншыя асобы, у тым ліку філёзаф Вольга Шпарага, якая выказала думку, што ў культуры, якая і так перапоўненая зьвядзеньнем жанчынаў да голага цела, лепей пазьбягаць такога прыёму.
Юлія Цімафеева кажа: «Якое дачыненьне да песеннага конкурсу маюць маўклівыя паўаголеныя жанчыны, якія самлела-пажадліва глядзяць у аб’ектыў і гладзяць інструмэнты? Гэта стары і зацяганы штамп — выкарыстоўваюць жаночае цела для рэклямы любой прадукцыі. У беларускай музыцы дастаткова самастойных, яркіх і таленавітых жанчын-музыкаў і сьпявачак, якія ёсьць ня проста музамі, яны самі ствараюць добрую музыку і, мабыць, таксама хацелі б паўдзельнічаць у гэтым конкурсе, але, на жаль, атрымліваецца, што мэсыдж гэтага кліпа скіраваны толькі на мужчынскую аўдыторыю».
Стваральнікі відэа не пагадзіліся з высунутымі «абвінавачваньнямі». «Мы хацелі прыцягнуць увагу да конкурсу, зрабіць гэта ярка, прыгожа. Але пры гэтым, нікога не абразіць і не прынізіць», — сказаў прадусар конкурсу Сяргей Будкін.
Рэжысэр роліку Арцём Лобач зазначыў, што яго ўсяго толькі прывабіла прыгожае спалучэньне формы жаночага цела ды віяланчэлі і падзякаваў удзельнікам дыскусіі за істотны фідбэк.
У конкурсе «Засьпявай 3.0» з прызавым фондам 1500 эўра могуць браць удзел выканаўцы ад 16 да 33 год. Перавага аддаецца найперш тым музыкам, якія ня маюць афіцыйна выдадзеных альбомаў і сольных канцэртаў. Заявы прымаюцца ў трох намінацыях да 1 траўня. Падрабязнасьці – на старонцы пра конкурс.