Нам удалося звязацца з двума братамі, якіх крыніца ў расійскіх спецслужбах абвінаваціла ў датычнасці да сённяшніх брусэльскіх тэрактаў.

Аднаго з карыстальнікаў сацсеткі завуць Сулейман Доўбаш, другога — Халід Доўбаш. Першага раней звалі Іван, другога — Аляксей. Яны родам з Гомеля, у Бельгію пераехалі ў 2007-м. Усе сябры на старонцы Халіда Укантакце — з Гомеля.

Халід Доўбаш, які раней быў Аляксеем, — старэйшы з двух братоў. Тут і ніжэй фота са старонкі хлопца Укантакце.

Абодва браты абверглі інфармацыю пра сваю датычнасць да сённяшніх тэрактаў у Брусэлі. Усім СМІ яны даслалі ідэнтычныя адказы. На дадатковыя пытанні, дасланыя «Нашай Нівай», яны не адказалі.

Сулейман Доўбаш адпісаў: «Гэтыя артыкулы — чарговая жоўтая прэса і бяздумныя спробы ўбогіх журналістаў атрымаць чарговую «зорачку». Першы артыкул выйшаў 14 сакавіка. Нас там запісалі ў смяротнікі, пры гэтым нас не шукала паліцыя, нам ніхто нават не тэлефанаваў. Не лічыце дзіўным? Для супрацоўнікаў паліцыі не складзе цяжкасці праверыць, выязджалі мы ў Сірыю ці не.

На дадзены момант мы звярнуліся ў [бельгійскія] спецслужбы па тлумачэнне сітуацыі. Там нам адказалі, што нічога падобнага ім не вядома і супраць нас яны нічога не маюць.

І самае галоўнае, калі мы смяротнікі — чаму мы жывыя цяпер? Калі мы тэрарысты — чаму нас не заарыштавалі?»

Халід Доўбаш у адказ на пытанне пра ягоную сувязь з Юнусавым дадаў: «Я не буду апраўдвацца перад вашымі здагадкамі. Калі ў вас ёсць доказы, што я нейкім чынам з ім звязаны, або ўваходзіў зь ім у кантакт, ці стаяў з ім на адной вуліцы, і вы яго прадставіце мне, тады я буду лічыць дарэчным вам адказаць… А паколькі ў вас такой інфармацыі няма і ніколі яе ў вас не будзе, я не стану апускацца на ўзровень абвяржэння вашых выдумак».

Такім чынам, абодва заявілі, што жывуць у Бельгіі і ніколі не мелі праблемаў з мясцовымі спецслужбамі.

Варта адзначыць, што хлопцы пакуль ніяк не патлумачылі, чаму памянялі беларускія імёны на арабскія. Старонка Укантакце Сулеймана Доўбыша мае назву «hagraa».

Расейскія СМІ 14 сакавіка напісалі пра двух беларусаў-братоў, якія нібыта рыхтуюць тэракты ў Бельгіі.

Прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын пацвердзіў, што браты Аляксей і Іван Доўбашы, якіх падазраюць у арганізацыі тэрактаў у Брусэлі, сапраўды паходзяць з Беларусі.

«Так, яны ўраджэнцы Беларусі. КДБ вядома пра іх існаванне, у дачыненні гэтых асоб вядзецца праверка», — сказаў сп.Пабяржын.

Адносна іх датычнасці да тэрактаў КДБ інфармацыі не каментуе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?