Кіраўнік СЗАТ «Сэрвалюкс» Яўген Баскін, затрыманы КДБ 15 сакавіка, сёння пераведзены пад дамашні арышт. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік прэс-службы Камітэта дзяржбяспекі Беларусі Дзмітрый Пабяржын.

Паводле яго слоў, такое рашэнне было прынята «ў сувязі з наноў адкрытымі акалічнасцямі».

Паводле інфармацыі Tut.by, Баскін кампенсаваў суму нанесенай ім шкоды.

Яўген Баскін (злева) і Юрый Чыж. Фота: ced.by.

Яўген Баскін (злева) і Юрый Чыж. Фота: ced.by.

Нагадаем, інфармацыя пра затрыманне Баскіна і некалькіх іншых супрацоўнікаў групы кампаній «Сэрвалюкс» з'явілася ўвечары 14 сакавіка. На наступны дзень яе пацвердзіў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. На брыфінгу ў Мінску ён паведаміў, што 15 сакавіка былі затрыманыя 15 службовых асоб кампаній «Сэрвалюкс» і «Экамол Агра» (абедзве ўваходзяць у групу «Сэрвалюкс»). Затрыманыя падазраюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Шкода, устаноўленая толькі за суткі следства, ацэньваецца ў 370 млрд рублёў, заявіў Вакульчык.

Ён таксама паведаміў, што Баскін і яго фінансавы дырэктар былі затрыманыя ў мінскім аэрапорце пры спробе вылецець за мяжу.

Яўген Баскін уваходзіць у лік самых паспяховых беларускіх бізнесменаў. Створаная ім група «Сэрвалюкс» з'яўляецца найбуйнейшым аператарам і вытворцам у АПК, у яе склад уваходзяць птушкафабрыкі, мяса- і малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы, камбікормавыя заводы, малочна-таварная ферма, рознічная сетка і іншыя падраздзяленні. Кампанія вядомая такімі брэндамі, як «Пятруха», «Браты Грыль», «Гарлачык».

Варта адзначыць, што «Сэрвалюкс» фігуруе ў крымінальнай справе сенатара Ганны Шарэйкі, гендырэктара Віцебскай бройлернай фабрыкі. Гэта справа зараз разглядаецца ў Вярхоўным судзе Беларусі. Менавіта ў групу «Сэрвалюкс» уваходзіць прадпрыемства «Экамол» — беларускі канкурэнт замежных пастаўшчыкоў кармоў на фабрыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0