Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка гатовы абмяняць Надзею Саўчанка на расейскіх супрацоўнікаў ГРУ Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Парашэнкі на яго сайце.

«У барацьбе за вызваленне Надзеі нас падтрымлівае ўвесь свет. І з сённяшняга дня гэтая барацьба уступае ў вырашальную стадыю. Я не проста спадзяюся на тое, што Надзея Саўчанка вернецца ва Украіну. Раблю для гэтага ўсё магчымае. І немагчымае, здаецца, таксама», — заявіў Парашэнка.

Ён адзначыў, што ў час сустрэч на вышэйшым узроўні ў нармандскім фармаце неаднаразова ўздымаў пытанне вызвалення Надзеі і іншых украінскіх закладнікаў і «быў падтрыманы іншымі ўдзельнікамі фармату. Прэзідэнт Пуцін тады заяўляў, што пасля так званага судовага рашэння верне Надзею Саўчанка Украіне».

«Надышоў момант выканаць абяцанне. Я ў сваю чаргу гатовы перадаць Расіі двух расейскіх вайскоўцаў, затрыманых на нашай тэрыторыі за іх удзел ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны. Судовы разгляд іх спраў знаходзіцца на фінальнай стадыі. Адразу пасля іх завяршэння я гатовы шляхам адпаведных працэдур забяспечыць іх выезд у РФ», — адзначыў ён.

Такі падыход, па словах Парашэнкі, адпавядае пункту шэсць Мінскіх дамоўленасцей аб абмене ўсіх на ўсіх.

«І гэта павінна быць зроблена неадкладна. Сёння ўся Украіна побач з Надзяй, яе мамай Марыяй Іванаўнай і сястрой Верай. Веру, што нашы сумесныя намаганні будуць паспяховыя. І Герой Украіны, народны дэпутат Украіны, афіцэр украінскіх Узброеных Сіл вернецца да нас дадому, дзе мы ўсе яе чакаем», — заявіў Парашэнка.

Сёння расійскі суд асудзіў Надзею Саўчанка да 22 гадоў зняволення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?