У нядзелю 20 сакавіка Згуртаваньне Беларусаў Канады адзначыла 98-ую гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі сьвяточным шэсьцем зь бель-чырвона-белымі сьцягамі па цэнтральнай вуліцы Таронта – найбуйнейшага гораду Канады.

Пасьля службы ў царкве сьв. Кірылы Тураўскага (БАПЦ) удзельнікі скіраваліся ў парк Крысьці дзе прайшоў кароткі мітынг. Было адзначана, што 20 сакавіка падвойная дата: акрамя гадавіны Дню Волі ў той жа дзень 10 гадоў таму на пляцы Каліноўскага (Кастрычніцкім пл.) ў Менску былі ўсталяваныя першыя намёты й пачалася варта, якую шмат хто кліча «Беларускім Майданам».

Шэсьце прайшло вуліцай Блюр (адна з двух цэнтральных вуліц Таронта) да Беларускага Цэнтру, што на скрыжаваньні з вуліцай Лэнсдаўн. Падчас шэсьця ўдзельнікі скандавалі «Freedom to Belarus!» («Свабоду Беларусі!»), «Жыве Беларусь!». Таксама было ўзгаданае імя украінскай змагаркі Надзеі Саўчанка, што знаходзіцца ў пуцінскіх засьценках: заклік «Freedom to Savchenko!» («Свабоду Саўчанка!») лунаў па-над вуліцамі Таронта. Улады гораду забясьпечылі суправаджэньне паліцэйскіх на роварах.

Па сканчэньні шэсьця ў Беларускім Цэнтры адбылася ўрачыстая імпрэза. Са сьвяточным зваротам па тэлефоне з ЗША (дзе напярэдадні адбывалася паседжаньне Рады БНР) да ўдзельнікаў мерапрыемства зьвярнулася Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Яна адзначыла, што Беларусь ёсьць незалежнай, але не свабоднай і яе мара – перадаць паўнамоцтвы Ўраду ў выгнаньні дэмакратычнаму ўраду новай вольнай Беларусі.

Сакратар Галоўнай Управы ЗБК Віталь Кошалеў падрабязьней распавёў аб падзеях у Менску ў 2006 годзе, удзельнікам якіх ён быў сам, жывучы тады на Беларусі. Таксама прагучаў заклік да Прэм’ер-міністра Канады далучыць свой голас у падтрымку Надзеі Саўчанка да галасоў Прэзыдэнтаў ЗША і краін Эўразьвязу.

Сябра Рады БНР Алесь Кот распавёў пра гістарычную місію Рады, а таксама прадставіў калекцыю партрэтаў Прэзыдэнтаў БНР, што будзе дададзеная да галерэі ў Беларускім Цэнтры ў Таронта.

Паводле спадара Алеся, «Абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі было самай важнай падзеяй у гісторыі сучаснай Беларусі. Безь яго Масква не пагадзілася б стварыць у 1919 годзе савецкую Беларускую рэспубліку (ССРБ, потым – БССР). Калі б не было БССР, Беларусь ня стала бы зноў незалежнай у 1991 годзе. Такім чынам, дзякуючы БНР сёньня існуе незалежная Рэспубліка Беларусь, якой бы недасканалай яна ні была.

Сёньня Рада БНР дзейнічае, грунтуючыся на той ідэі, што яна – частка шляху Беларусі да дэмакратыі і да росквіту. Рада першаю, яшчэ з 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя, выступала і выступае пасярэднікамі паміж Беларусьсю і вольным сьветам. Што яшчэ больш важна – яна застаецца захавальнікам традыцый беларускай дзяржаўнасьці і барацьбы беларусаў за тое, каб мець уласную свабодную і дэмакратычную дзяржаву нароўне зь іншымі народамі Эўропы. Усё гэта для таго, каб наблізіць для Беларусі перамены да лепшага.»

Напрыканцы афіцыйнае часткі слова ўзяў Барыс Кірка, бадай найстарэйшы сябра ЗБК. Ён заклікаў беларусаў да еднасьці, а таксама падтрымаў ідэю шырэйшага ахопу беларускай грамады Канады праз культурніцкія мерапрыемствы (як, прыкладам, сэрыя урокаў «Мова Нанова», што праходзіць сёлета ў Беларускім Цэнтры ў Таронта).

Сапраўды сьвяточны настрой стварыў выступ вядомай сьпявачкі Святланы Літвінавай, якая на працягу 15 гадоў была салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Народныя песьні пра вясну, любоў да Бацькаўшчыны й жартаўлівыя прыпеўкі закранулі ўсіх слухачоў. Публіка прасіла прасьпяваць яшчэ болей улюблёных песьняў.

Болей фатаграфій можна паглядзець тут

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?