30.03.2016 / 21:46

Пані-садыстка з Мазырскага павета: ад учынкаў Ганараты Стоцкай з Рэмезаў кроў стыла ў жылах сучаснікаў 14

Піша гісторык Васіль Герасімчык.

«Беларускі раб» («Славянскі нявольнік»), 1840, літаграфія мастака родам з Мінска Юзафа Азямблоўскага. Адам Міцкевіч ілюстраваў ёй свае лекцыі ў Парыжы аб прыгонным праве ў Расійскай імперыі.

Летам 1835 года невялікі маёнтак Рэмезы Мазырскага павета трапляе ў поле зроку губернскага кіраўніцтва. У Мінск прыйшла скарга на дзеянні памешчыка Бярнарда Стоцкага. Яго кіраванне былым езуіцкім маёнткам Рэмезы, гаварылася ў скарзе, вядзе да спусташэння як самога ўладання, якое належала яго цешчы Тэклі Багушовай, так і мясцовых сялян.

Памешчыцкія сяляне да адмены прыгоннага права ў 1861-м былі самай бяспраўнай часткай насельніцтва Расійскай Імперыі, часткай якой у тыя часы была Беларусь. Уласнікі маглі іх прадаваць, закладаць, дарыць, абменьваць, біць бізунамі і ссылаць. Панскае самавольства практычна нічым не абмяжоўвалася, паколькі сялянам забаранялася нават скардзіцца. Але калі ўсё ж скардзіліся — улады вымушаныя былі рэагаваць. Так здарылася і ў выпадку Рэмезаў. 30 чэрвеня 1835 года мазырскаму земскаму суду было прадпісана назіраць за ўчынкамі Стоцкага, «пад асабістую адказнасць за дапушчэнне яго да супрацьзаконных дзеянняў». Аднак далей рэкамендацый справа не пайшла. Расплатаю для сялян стала павелічэнне і без таго вялізных павіннасцяў.

У пошуках мужыцкай праўды

Скаргу тую склаў селянін з Рэмезаў Сцяпан Сцепанёнак. Ён жа пераканаў аднавяскоўцаў падпісацца пад ёй. І цяпер «пажынаў плады»: аднавяскоўцы яго вінавацілі ў пагаршэнні становішча, а памешчыкі абрынулі на яго сям’ю ўвесь цяжар прыгону. Не ў стане далей трываць, 16 верасня 1835 ён пайшоў у мазырскі суд скардзіцца на жорсткасць паноў Стоцкіх.

Словы Сцяпана ўразілі маладога судовага засядацеля Заблоцкага. Ён вызваўся праверыць сведчанні і 27 верасня прыбыў у Рэмезы. Тое, што пабачыў і пачуў Заблоцкі, асабліва пра жонку Бярнарда, пані Ганарату Стоцкую, не паддавалася разуменню. Заблоцкі праз суд дамогся ад уласнікаў Рэмезаў «не прыгнятаць сялян сваіх залішнімі працамі і іншымі жорсткасцямі».

Сяляне радаваліся, Сцепанёнак стаў галоўным героем ваколіцы. Але ненадоўга. Пан Бярнард падаў апеляцыю і прымусіў адправіць у Рэмезы іншага засядацеля. Ім стаў Макоўскі, вядомы хабарнік і ліслівец. Як вынік, нічога дрэннага выяўлена не было. Наадварот, адзначалася празмерная клапатлівасць гаспадароў да сваіх сялян. А Заблоцкага перавялі ў іншы павет.

Сцепанёнак працягваў змаганне, якое яго разарыла і прымусіла ўлезці ў вялікія пазыкі. Яшчэ двойчы справа паміж рэмезаўскімі сялянамі і памешчыкамі Стоцкімі пачыналася і вярталася на дапрацоўку з канцылярыі мінскага губернатара спачатку ў мазырскі земскі суд, а потым да ваеннага начальніка павета маёра Маліноўскага. У абодвух выпадках доказаў віны не было выяўлена. І 4 мая 1843 года мінская крымінальная палата прызнала Стоцкіх цалкам невінаватымі.

Для жыхароў Рэмезаў пачынаўся жудасны трохгадовы перыяд татальнага тэрору, варты сюжэта для фільма жахаў. Пазней жандары канстатавалі, што сваімі катаваннямі Стоцкая «прывяла ў настолькі моцнае засмучэнне і страх сялян сваіх, што яны не толькі звярнуцца на яе са скаргаю асцерагаліся, але нават аб’явіць каму-небудзь пра яе ўчынкі».

Слуга, забіты за талерку

У кастрычніку 1846 года жандарскаму падпалкоўніку Турскаму трапіў на стол данос. Аўтарам яго быў святар праваслаўнай Рэмезаўскай царквы Якаў Радзевіч. Ён паведамляў, што 29 верасня Ганарата Стоцкая забіла свайго 13-гадовага слугу Івана Лаўрэнава Каваля. А ўначы 2 кастрычніка цела яго таемна пахаваў на вясковых могілках муж Стоцкай — Бярнард. Характэрна, што святар адразу звярнуўся да жандараў, а не пісаў у мазырскі суд, дзе Стоцкія мелі «руку». 17 кастрычніка ў Рэмезы прыбыла следчая група.

Высветлілася, што толькі за два апошнія тыдні Ганарата Стоцкая закатавала дваіх дзяцей — 13-гадовага хлопчыка і 16-гадовую дзяўчыну.

Іван Каваль паходзіў з Рэмезаў і ўжо два гады працаваў у фальварку. Амаль штодня яго каралі фізічна. Не ў час прынёс ваду, павольна падаў талеркі, задумаўся — любая такая правіна каштавала 20—30 удараў розгамі ці бізуном.

Ад частага біцця Янка маркоціўся і паступова дайшоў да знясілення. 29 верасня перад абедам ён выпадкова ўпусціў талерку, за што, па загадзе Стоцкай, атрымаў 20 розгаў. Увечары пані загадала хлопчыку падаць вады. Але ёй падалося, што Янка зрабіў гэта занадта марудна. Стоцкая ўдарыла хлопчыка па галаве. Калі той упаў на падлогу, памешчыца, задыхаючыся ад злосці, пачала біць яго нагамі. Трохі супакоіўшыся, загадала Івану падняцца, але той, з-за моцнага болю ў левым баку, не змог. Пані загадала паставіць яму пяць піявак, але ноччу Янка памёр. Тры дні яго цела праляжала ў доме Стоцкіх, пакуль уначы не было пахавана на вясковых могілках.

«Скачы, уража, як пан кажа»

Памешчыца Ганарата шукала найменшай нагоды, каб караць прыгонных: за смех, за размовы, за сустрэчу са сваякамі без дазволу… Яна ўвесь час выдумляла новыя зачэпкі. А яе любімым пакараннем было збіццё чалавека розгамі, вымачанымі ў салёнай вадзе. Колькасць удараў даходзіла да ста. Спецыяльна для гэтага пакарання ў маёнтку быў абсталяваны пакой з прымацаванымі да столі і падлогі жалезнымі кольцамі. Распранутага пакутніка падвешвалі на верхніх кольцах скуранымі лейцамі. Да ніжніх мацавалі ногі. Следчыя адзначалі, што Стоцкая збівала ахвяр, пакуль яны не страчвалі прытомнасць: «Наносіла пабоі палкаю, бязменам і, якой бы ні трапілася ёй на вочы, цвёрдай прыладай, нават нажом па галаве, спіне, руках і нагах; не здавольваючыся гэтым, кусала зубамі цела, душыла рукамі за глотку і ціснула нагамі і каленямі грудзі і страўнік; …накладала на шыю жалезныя ланцугі і замыкала на прабой, убіты ў сцяну, ліла за шыю кіпень, цягала за ногі па пакрытай лёдам зямлі на аголенай задняй частцы цела, ад чаго здзіралася да крыві скура, загадвала есці здохлых п’явак, паліла распаленым жалезам цела, загадвала ў сваім пакоі танцаваць, прамаўляючы няспынна: «Скачы, уража, як пан кажа».

«Душа мая ненаедна патрабуе помсты»

Любімай пакаёўкай Стоцкай была 16-гадовая Аўдоцця Цімашчэнкава, якая праслужыла ёй шэсць гадоў. Памешчыца любіла дзяўчыну: тая бездакорна выконвала абавязкі, мела чароўны тварык і пакорліва трывала штодзённае трохразовае пакаранне розгамі — ад 50 да 200 удараў. Усё цела пакаёўкі было ў сіняках і драпінах, і нават галава ў некалькіх месцах мела крывавыя раны, але біць па дзявочым тварыку памешчыца ніколі не дазваляла.

Пасля забойства Янкі Стоцкая з усёй нездаровай апантанасцю абрынулася на дзяўчыну. Сачыла за ёй, некалькі разоў заўважаючы, як на яе паглядае любімы служка памешчыцы — фурман Кастан Амбросіеў, які на яе загад катаваў прыгонных сялян.

Аднойчы Кастан разбудзіў Аўдоццю пасярод ночы і загадаў ісці да пані. Дакументы таго часу апісваюць жудасную сцэну: «…прынесены быў вялізны запас вымачаных у салёнай вадзе розгаў, і, нарэшце, уведзена была ў адной кашулі, босая, дрыжачая ўсім целам і бледная, як смерць, шаснаццацігадовая «злачынка». Стоцкая ласкава і далікатна пагладзіла яе па галаве і, злёгку прытрымліваючы за руку, ціхім і пакорлівым голасам прынялася ўгаворваць дзяўчынку, якая апусцілася пры ёй на калені, каб яна не плакала, не прасіла літасці, але цярпліва і пакорліва перанесла пакуты, якія яе чакаюць, гаворачы ёй, што яны нішто ў параўнанні з тымі пякельнымі пакутамі, якімі яна абавязана яе прыгожаму тварыку і якія невыносна раздзіраюць яе душу з той хвіліны, калі ўпершыню адчула яна атруту рэўнасці…» Потым на загад вар’яткі-памешчыцы Аўдоццю пачалі біць розгамі — як мага радзей і мацней. Калі яна страчвала прытомнасць, Стоцкая давала ёй вады і апраўдвалася: «Я цябе берагла і любіла, як дачку, а зараз душа мая ненаедна патрабуе помсты і атрымлівае асалоду ў ёй: я нявольная ўправіцца з сабою». Дзяўчыну смяротна скалечылі розгамі. Яна памірала сем дзён, лежачы на халоднай падлозе, Стоцкая час ад часу яе наведвала. Дзяўчына сканала ад выкіду кішак, і яе нежывое цела перацягнулі ў лядоўню.

«Лепш спаліць яе цела»

Паўстала патрэба схаваць сляды злачынства. Праз тры дні, позняй ноччу, фурман Кастан са сваімі гаспадарамі здзейсніў жудасную справу. Яны пасеклі цела Аўдоцці, паклалі ў мех і прыхавалі ў загадзя выкапанай тут жа — у лядоўні — яме.

Праз чатыры дні пасля таго мех адкапалі і выцягнулі на двор, дзе ўжо кіпеў вялізны кацёл. Пані загадала Кастану кінуць у яго парэшткі Аўдоцці, зварыць і аддаць сабакам і свінням. Аднак Бярнард, даведаўшыся пра гэты план, назваў яго «дурным»: «Свінні і сабакі могуць разнесці косткі. Лепш спаліць яе цела».

Ганарыта пагадзілася. Кастан з панам вывезлі парэшткі Аўдоцці ў бліжэйшы лес і спалілі. Калі вогнішча прагарэла, яны патаўклі косткі, што не згарэлі, на дробныя кавалачкі.

Калі жандары пачалі дазнанне, фурман Кастан добраахвотна прызнаўся ў цяжкіх злачынствах, здзейсненых ім па загадзе сваёй пані. Была выяўлена яма ў лядоўні, дзе яны хавалі цела Аўдоцці, кацёл, у якім яно варылася, і месца яго спалення, дзе былі знойдзеныя дробныя фрагменты чалавечых костак.

Бярнард Стоцкі, не ведаючы пра прызнанні Кастана, спрабаваў перакласці ўсю віну на жонку: «Яна падвяргала пакутам і катаванням людзей. Няхай яе арыштуюць, яна ва ўсім злачынца і не мае права на маё шкадаванне». Калі ж даведаўся, што з’яўляецца адным з абвінавачаных, пачаў маліць аб прабачэнні, угаворваць следчых прызнаць яго адной з ахвяраў яго жонкі, якой ён, пад пагрозаю пакарання, баяўся запярэчыць. Нечакана ў часе следства Бярнарда разбіў паралюш.

Ганарыта ж Стоцкая, асуджаная да катаргі, атруцілася ў турме. Але памяць пра «мазырскую салтычыху», якая катавала ўласных сялян, надоўга засталася ў памяці жыхароў маёнтка Рэмезы.

* * *

Васіль Герасімчык. Гісторык. Нар. у 1987. Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, магістратуру Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта і Торунскага ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка. Пераможца конкурсу «Найлепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага».

 

0
Васіль / Адказаць
30.03.2016 / 22:23
Добра зрабілі бальшавікі, што знішчылі іх як клас
0
Дзед Талаш / Адказаць
30.03.2016 / 22:26
Вось дзякуй, спадар Васіль за казку нанач. Шукаючы фамілію Стоцкі, я знайшоў старонку, дзе імем гэтай знакамітай Стоцкай значыцца Пауліна Стоцкая (уроджаная Богуш). http://www.ufolog.ru/names/order/%D0%A1%D1%82%D0%BE%D1%86%D0%BA%D0%B8%D0%B9.
0
Валацуга / Адказаць
30.03.2016 / 22:35
толькі жанчына можа быць такой бязьлітасна па садысцку жорстай.Я не кажу пра маньякоў,кшталту Міхасевіча,там хворы чалавек,але тут халодная жаночая ненавісць і садызм.Гэта як тая памешчыца Салтаніха(ці Салтычыха?) ў Расеі,такая ж самая.Але ж зараз наляцяць баба-рабы і якія сь фэміністкі,задзяўбуць мяне 100%.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру