29 сакавіка ў Галерэі Ў (Мінск, пр-т Незалежнасці, 37а) адбудзецца піжамная прэзентацыя рамана Паўла Касцюкевіча «План Бабарозы»

Пачатак а 19-й.

«План Бабарозы» – гэта мілосны шасцікутнік, дзе менскі псіхатэрапеўт выбірае паміж каханай жанчынай і любай прабабуляй, і дзе фігуруюць яшчэ тры пацыенткі, якім былі выратаваныя жыцці. Гэта сямейная сага з моцным чухонска-галіцыйскім акцэнтам, дзе чатыры пакаленні прыбышоў усё жыццё навылёт заўзята аспрэчваюць мэтазгоднасць свайго перабывання ў Менску. Гэта найноўшая гісторыя Беларусі на прыкладзе адной мандражнай радзіны.

***

Урывак з твору

Улюбёнай Бабагрунінай карцінаю быў, вядома, «Няроўны шлюб» Васіля Пукірава. Часта Бабагруня, ігнаруючы і абмінаючы ў музеі ўсе іншыя палотны і скульптуры, адмыслова хадзіла да гэтай аўтарскай копіі. Ладзіла для сябе, як цяпер кажуць, «выставу адной карціны» – злізвала з палатна каштоўны парашок кахання проста позіркам. Ледзьве не штотыдня натхнялася творам, поўным пачуццёвага току, якім прасякнуты кожны рух састарэлага жаніха-багацея, і заплаканай маладзіцы-беспасажніцы, і дагодлівага святара, што вянчае гэтую нехлямяжую пару.

Аднойчы (я яшчэ вучыўся ў школе) мы з мамай завіталі ў Нацыянальны музей РБ. Падыйшлі да «Няроўнага шлюба». Мама нашаптала на вушка, што Бабагруня так часта хадзіла глядзець гэтую карціну ў музей, так старанна злізвала позіркам каштоўны парашок з палатна, ажно з цягам часу намаляваная за спінай жаніха кабета ў чапцы з высока ўзляцелымі бровамі зрабілася падобная да Бабарозы.

– Ды што там падобная, Ігар! Волас у волас наша Бабароза, адзін твар, вось глянь!

Я, аглядаючы персанажаў, пагадзіўся – мама мела рацыю. Здавалася, грозная Бабароза ў чапцы ды з перакошаным тварам вось-вось напоўніць інтэр’ер намаляванай царквы сваім фірмовым фальцэтам.

Тады я запытаў маму,чаму кабета ў чапцы падобная да Бабарозы, а не да Бабагруні (глядзела ж на карціну Бабагруня, злізвала чароўны парашок з яе яна, а не Бабароза).

– Бо да Бабагруні, Ігар, зрабілася падобнай заплаканая нявеста, – паблажлівым тонам патлумачыла мама. – Зрабілася падобная, канечне, да Бабагруні ў маладосці, якой ты яе не памятаеш, бо малы яшчэ.

Я глянуў на карціну. Перад алтаром, трымаючы ў пухкай руцэ шлюбную свечку, стаяла маладзіца. Яна была моцна расчараваная жыццём, але сапраўды такая ж далікатная і рамантычная, з белымі вытанчанымі рукамі, як і Бабагруня цяпер.

Потым мама сказала яшчэ, што ў карціне Пукірава Бабагруня колісь згледзела знак для сябе. І сапраўды: пасля столькіх гадоў развядзёнка ў актыўным пошуку – ёй на той час было за пяцьдзясят – урэшце пабралася шлюбам з Дзедлёням, даўнім сябрам па менскім падполлі, які быў на пятнаццаць гадоў старэйшы за яе.

Я перавёў позірк на грэблівага жаніха-багацея з карціны. Ізноў, ізноў мама мела рацыю! Сваёй хударлявасцю і падцягнутасцю жаніх быў вельмі падобны да Дзедлёні, другога мужа Бабагруні, і да такога, якім я яго ўжо памятаю – да дзядка за семдзясят пяць.

Нягледзячы на тое, што Дзедлёня быў з выгляду падобны да грэблівага мярзотніка на палатне «Няроўны шлюб», характарам ён быў чалавек мяккі і зусім не пагардлівы. Дзедлёня, як я ўжо сказаў, быў на пятнаццаць гадоў старэйшы за Бабагруню – аднак мама сведка: гэты няроўны шлюб немаладога мужчыны і пані трошкі ў гадах не зрабіўся чыста платанічным. У адрозненне ад карціннага шлюбу, дзе назіраецца прымус у адносінах, сапраўныя Дзедлёня і Бабагруня палалі ўзаемнай жарсцю і слаба кантраляванай прагай цялесных асалодаў.

Дзедлёня пасля вайны паспеў адседзець пятнаццаць гадоў за сваё падпольшчыцтва на Калыме па «справе Кавалёва», сфабрыкаванай НКВД стасоўна менскага антыфашысцкага падполля. У 1943 годзе на лясны аэрадром партызанаў праз лінію фронта прыляцеў самалёт з «Вялікай зямлі», то бок з неакупаванай тэрыторыі СССР, і адымчаў Дзедлёню назад –у Маскву. Разам з ім у самалёце ляцеў легендарны партызан Дзед Талаш – атрымліваць з рук усесаюзнага старасты Міхаіла Калініна ордэн. У Маскве да свайго здзіўлення Дзедлёня атрымаў не ордэн, а ў зубы. Потым, абвінавачаны намміністра бяспекі Абакумавым у фальшывым падпольшчыцтве, паехаў далей – ужо па турэмным этапе – займацца лесапавалам. На Калыме Дзедзлёня ад цынгі страціў рэшту сваіх зубоў.

Дык вось, на Калыме Дзедлёня прыдбаў такую зэкаўскую завядзёнку: ён засыпаў цэлы пачак гарбаты ў конаўку і запарваў турэмны энергетык, чыфір. Чыфір, паводле словаў Дзедлёні, меў «некаторы нутысамусёразумееш эфект». Жывучы ў кватэры на Чакалава, штопятніцы Дзедлёня спажываў пачак гарбаты, і кроў пачынала бегаць па целе як шалёная. І тады ягоныя магчымасці, на радасць Бабагруні, ставалі ўпоравень з ягонымі жаданнямі. Пятнаццаць гадоў, праведзеных у бяззубым мужчынскім калектыве, не ўрымсцілі Дзедлёневай пажады.

У брэжнеўцы на Чкалава на кволай этажэрцы ў вітальні стаяў маленькі бюсцік Карла Маркса з гіпсу. Пятнаццаць гадоў не ўрымсцілі ў Дзедлёні не толькі пажады, але і веры ў светлыя ідэалы. Бюсцік Дзедлёня цягаў з сабою па ўсіх сваіх кватэрах. І вось, калі жарсці ў Бабагруніным пакоі накалялілся, Маркс пачынаў, крыху патрэсваючы і валюхаючыся, танчыць на этажэрцы «барыню». Скочучы, Маркс почасту з той этажэркі ў запале танцу саслізгваў. Апавядаючы пра гэта, мама са смехам заўважае, што гэтак Бабагруня ва ўласцівай ёй манеры, моцай сваёй рамантычнасці забівала яшчэ аднаго мужчыну.

Але ўжо назаўтра руплівы Дзедлёня склейваў бюсцік наноў, падымаў Маркса з мёртвых. Праз белы твар аўтара «Камуністычнага маніфесту» і ягоныя белыя плечы праходзілі страхотныя жоўтыя шнары, пакінутыя клеем «Момент». Пасля кожнага падзення барадаты Маркс з адбітым носам усё больш нагадваў мацёрага пірата ці ўцёклага катаржніка, хворага на побытавы сіфіліс.

Праз сваё бурлівае палавое жыццё, сваю новую цёшчу Бабарозу Дзядлёня пасяліў у кухні, а новую падчарыцу, маю будучую маму, тады студэнтку палітэху, увогуле з першай аказіяй «маладажоны» выправілі з чкалаўскай кватэры ў белы свет.

Амаль адразу бяздомную маму загрэб да сябе яе адданы кавалер, імпазантны трэнер па дзюдо Павел Леанідавіч (завочная мянушка – Паўлінавіч).

Перад атрыманнем мамы ў сумеснае жыццё Паўлінавіч любіў пазвоньваць ёй дадому на Чкалава. Учуўшы «ало!» на другім канцы дроту, без вітанняў і ўступаў, (сама)закаханы Паўлінавіч пачынаў выцылінгваць на акардэоне падыспань або, дурнавата завываючы на канчатках, дэкламаваць побытавую савецкую лірыку якога-небудзь Смелякова. Мама – голас у голас як Бабагруня і Бабароза, а вось рэакцыя жанчын на заўзятага да мастацтваў Паўлінавіча была цалкам адрозная. Бабароза адразу ж гняўлівай трэллю перарывала «гэтае целяфоннае прашмандоўства». Запусціўшы рэха сваёй сірэны гуляць па дратах, яна няўмольным рухам, такім, якім топяць кацянят у вядры, апускала слухаўку на базу. Рамантычная Бабагруня ж, наадварот, – карысталася з выпадку. «Слухаю вас вельмі ўважліва, Павел Леанідавіч, гэта я», – мурлыкала яна, падаючы такі самы, як у мамы, паводле тэмбру, хіба што цішэйшы, з перадыханнямі і вуркатаннем, голас. Мама расказвае, што Бабагруню можна было заспець, як тая сядзіць у вітальні, змахваючы слязу замілавання, а з слухаўкі нясуцца салаўіныя рулады і рыфмаваныя мусі-пусі Паўлінавіча, прызначаныя яе дачцэ.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0